Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СПОЎНІЛАСЯ 100 ДЗЁН З ПАЧАТКУ ДЗЕЙНАСЬЦІ ОФІСУ АБСЭ Ў МЕНСКУ

Юры Сьвірко, Менск

Ад Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ ў Беларусі нічога не засталося, акрамя будынку. На менскім праспэкце Газэты “Правда”, 11 — новая шыльда. Адметна, што ўсе шыльды зробленыя па-ангельску і па-расейску, беларуская мова не выкарыстоўваецца. Офіс АБСЭ фармальна пачаў працу роўна 100 дзён таму, 1 студзеня. Але ягоны кіраўнік Эбэргарт Гайкен прыехаў у Беларусь пазьней.

У сераду, калі я наведаў офіс АБСЭ ў Менску, пасаду прэсавага сакратара офісу атрымала грамадзянка Вялікабрытаніі Гайды Сьміт, якая сёньня дала мне эксклюзіўнае інтэрвію.

Спадарыня Сьміт сказала, што ў офісе АБСЭ засталася толькі адна вакансія для мясцовага супрацоўніка. Што да міжнародных супрацоўнікаў, дык гэта, акрамя шэфа місіі Эбэргарта Гайкена зь Нямеччыны, яшчэ чатыры чалавекі: намесьнік кіраўніка офісу Вахрам Абаджан з Армэніі, адказны за “чалавечае вымярэньне” Вадзім Целін са Швэцыі, адміністрацыйна-фінансавы супрацоўнік Максім Маркаў з Баўгарыі, і сама спадарыня Сьміт, якая будзе займацца пытаньнямі эканомікі, экалёгіі й прэсы. Гайды Сьміт зазначыла:

(Сьміт: ) “Мы атрымалі сьпіс прапанаваных уладамі праектаў у галінах экалёгіі, эканомікі, інстытуцыяналізацыі, вяршэнства закону і грамадзянскай супольнасьці”.

Паводле спадарыні Сьміт, гэты сьпіс налічвае 63 праекты. “Відавочна, мы ня можам рэалізаваць усе 63 адначасова”, — заяўляе Гайды Сьміт і дадае, што цяпер офіс АБСЭ спрабуе вызначыць прыярытэты ў гэтым сьпісе.

Я пацікавіўся, ці прапанавалі беларускія ўлады якія-небудзь праекты ў галіне правоў чалавека.

(Сьміт: ) “Мы маем вялікую колькасьць праектаў, зьвязаных з правамі чалавека, — у прыватнасьці, у галіне незаконнай перавозкі наркотыкаў, людзей і лёгкай зброі”.

Гайды Сьміт падкрэсьліла, што ўсе гэтыя праекты трапілі пад ейную асабістую юрысдыкцыю — усяго іх 28, амаль палова.

Я задаў пытаньне, ці захаваў офіс АБСЭ ў Менску кансультацыйную й назіральную функцыю, ці будзе ён даваць парады беларускім уладам наконт удасканальваньня заканадаўства? Вось які адказ дала спадарыня Сьміт:

(Сьміт: ) “Вядома, у некаторых сфэрах. На гэтым тыдні мы размаўлялі зь Міністэрствам экалёгіі — наконт заканадаўства пра выкарыстаньне вады. І будзем абмяркоўваць зь імі, як можам працаваць разам у гэтай сфэры”.

Паводле Гайды Сьміт, на мінулым тыдні ў Вене кіраўнік офісу Эбэргарт Гайкен зрабіў справаздачу Сталай радзе АБСЭ наконт назіраньня за мясцовымі выбарамі ў Беларусі. Кароткі зьмест гэтай справаздачы наступны:

(Сьміт: ) “Мы прысутнічалі, у нас не было паўнавартаснага офісу, мы працуем зь Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ дзеля будучага супрацоўніцтва”.

Спадарыня Сьміт сказала таксама, што ўсе супрацоўнікі офісу ўжо знайшлі сабе кватэры ў Менску, ня зьведалі ніякіх праблемаў зь беларускімі візамі ды маюць “добрыя стасункі з уладамі”.

На брыфінгу ў МЗС ягоны прэсавы сакратар Андрэй Савіных на просьбу нашага карэспандэнта даў ацэнку дзейнасьці Офісу АБСЭ ў Менску:

(Савіных: ) “У самым пачатку, яшчэ падчас сустрэчы Гайкена зь Міхаілам Хвастовым, тагачасным міністрам замежных справаў, было падкрэсьлена, што мы гатовыя аказаць неабходнае садзеяньне — дзеля таго, каб гэтая праца была эфэктыўнай і выніковай. Гэты падыход захоўваецца, і МЗС актыўна ўзаемадзейнічае з Офісам. Увогуле, мы задаволеныя пачаткам працы гэтага аддзелу АБСЭ”.
XS
SM
MD
LG