Прадстаўнікі сілаў кааліцыі, журналісты і аналітыкі абмяркоўваюць, куды зьнік Хусэйн, дзе яго можна шукаць, ці ня быў ён забіты ў часе амэрыканскіх бамбаваньняў разам зь іншымі ірацкімі кіраўнікамі. Сярод вэрсіяў – уцёкі Садама разам з сынамі ў яго родны горад Тыкрыт, не выключаецца, што Садам можа хавацца ў Расейскай амбасадзе ў Багдадзе, у той час як Вашынгтон і Масква перамаўляюцца пра яго далейшы лёс. Амэрыканскі бок заяўляе, што ня мае дакладных зьвестак, дзе Садам Хусэйн, аднак няма сумневу, што ён страціў кантроль над уладай. Міністар абароны ЗША Дональд Рамсфэльд выказаўся наступным чынам:
(Рамсфэльд: ) “Садам зараз займае сваё законнае месца сярод Гітлера, Сталіна, Леніна і Чаўшэску ў пантэоне зьвергнутых брутальных дыктатараў, і народ Іраку адчувае сябе добра на шляху да свабоды”.
Паводле інфармацыі амэрыканскай выведкі, Садам быў у Багдадзе, у рэзыдэнцыі, калі пачаліся бамбаваньні Ірацкай сталіцы. Аднак учора адзін з прадстаўнікоў сакрэтных службаў у інтэрвію Associated Press коратка выказаўся, што Садам мёртвы.
Брытанская “Guardian” цытуе сваю крыніцу, паводле якой Садама не было ў збамбаваным будынку. Паводле “Times”, Хусэйн зьнік гэтаксама, як і зьявіўся, праз тунэль ці на машыне. Сярод зьвестак, што паступаюць журналістам з крыніцаў зь Белага Дому, зьявілася і такая, што Хусэйн мог уцячы ў Сырыю, як і іншыя ірацкія кіраўнікі. Сьпікер лібійскага парлямэнту заяўляе, што Садам мог атрымаць прытулак і ў расейскай амбасадзе ў Багдадзе, падобныя паведамленьні паступаюць і з Анкары, але яны не пацьверджаныя. Прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША Рычард Баўчар назваў такую вэрсію вэрсіяй прэсы, а аналітык Вашынгтонскага Цэнтру стратэгічных і міжнародных досьледаў Джудыт Кіпэр так пракамэнтавала магчымае разьвіцьцё “расейскай вэрсіі” ў зьнікненьні Садама:
(Кіпэр: ) “Нашыя дачыненьні з расейцамі вельмі важныя. Відочна, што калі ён і ў амбасадзе, якая зьяўляецца сувэрэннай тэрыторыяй Расеі, мы не зьбіраемся ваяваць з расейцамі з гэтай нагоды”.
Калі Хусэйн і яго сыны скіраваліся ў Тыкрыт, які ў 150-ці кілямэтрах ад Багдаду, тады яны могуць хавацца ў лябырынтах бункераў. Калі з Садамам будзе гэтаксама, як зь Бін Ладэнам, як можна будзе разглядаць перамогу ЗША над Іракам? Бін Ладэн ня знойдзены, і ёсьць зьвесткі, што ён жывы, хаця быў мішэньню амэрыканскай вайны ў Афганістане... Джудыт Кіпэр працягвае:
(Кіпэр: ) “Гэта – не Ўсама бін Ладэн, міжнародны тэрарыст. Гэта нехта, хто быў прэзыдэнтам краіны, і цяпер ірацкі народ сьяткуе і радуюцца, калі ж эйфарыя суцішыцца, я думаю, яны яшчэ будуць нэрвавацца да той пары, пакуль ня знойдуць Садама, гэтаксама як і яго сыноў ды іншых асобаў”.
Прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША Ары Фляйшэр таксама падкрэсьліў, што высьвятленьне пытаньня, дзе Садам, аднолькава важна і для народу Ірака, да якога ўжо прыйшла свабода, і для ўсіх адказных за апэрацыю супраць рэжыму Садама Хусэйна.