21-гадовы жыхар вёскі Хутар Аляксандар Лукашэнка вядомы вяскоўцам як хлапец, які не ў ладах з Крымінальным кодэксам. Не так даўно ён вярнуўся ў вёску пасьля адбыцьця пакараньня ў папраўчай калёніі.
Міліцыя і мясцовыя жыхары падазраюць, што менавіта ён, даведаўшыся, што ў школьнай сталоўцы захоўваюцца такія-сякія харчы, ноччу абакраў яе, а потым учыніў пажар у будынку школы.
Міліцыянты ў хуткім часе знайшлі ў камунальным доме, дзе жыве спадар Лукашэнка, зьніклыя са школьнай сталоўкі вядро павідла і згушчанае малако.
Ад агня ў школе пашкоджаныя музычныя інструмэнты, кабінэт дырэктара Валянціны Варабей ды іншая маёмасьць. Цяпер у Хутарской школе вядзецца тэрміновы рамонт. Паводле некаторых зьвестак, заняткі ў школе будуць адноўленыя толькі 15 красавіка.
Дырэкцыя школы і міліцыя, якая вядзе сьледзтва, неахвотна падаюць інфармацыю пра начны пажар. Асабліва ня хочуць называць імя і прозьвішча галоўнага падазраванага.