Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАДЗЕІ Ў БАГДАДЗЕ Ў ЗША НАЗЫВАЮЦЬ ПАДЗЕНЬНЕМ БЛІЗКА-ЎСХОДНЯЙ СЬЦЯНЫ

Алеся Сёмуха, Вашынгтон

Як паведаміў сёньня прэс-сакратар Белага Дому, прэзыдэнт Буш таксама глядзеў частку тэлетрансьляцыі ўваходу войскаў кааліцыі ў Багдад і зьвяржэньне статуі Садама Хусэйна. Праз свайго прэс-сакратара Буш выказаў задавальненьне з вайсковага посьпеху, але таксама і засьцярогу перад наступнымі задачамі. Сакратар абароны Дональд Рамсфэльд заявіў сёньня пад час брыфінгу, што зарана лічыць вайсковую апэрацыю скончанай. Наперадзе яшчэ ўзяцьцё пад кантроль астатняй тэрыторыі Іраку, пошук зброі масавага зьнішчэньня, забесьпячэньне бясьпекі межаў і нафтавых палёў, пошук тэрарыстычных груп і самога Садама ды адміністрацыі, і, нарэшце праца з іракцамі, як унутры краіны, так і па-за яе межамі, для ўсталяваньня грамадзянскай адміністрацыі, – сказаў Дональд Рамсфэльд.

Што да сродкаў масавай інфармацыі, дык сёньня паўсюль дамінавалі кадры з вуліц Багдада, усьмешкі іракцаў і акты вандалізму над помнікамі рэжыму Садама Хусэйна. Многія журналісты нават жартавалі, што чакаюць выступу міністра інфармацыі Ірака пра тое, што гэтага насамрэч не адбываецца і войскаў кааліцыі ў Багдадзе няма. Я думаю ў сродках масавай інфармацыя панавала пэўная эўфарыя, перамяшаная з чаканьнем больш трагічных навін у пэрспэктыве.

У прадмесьцях Дэтройту, штату Мічыган, іракцы ды й прадстаўнікі іншых арабскіх імігрантаў, наладзілі на вуліцах спантанныя сьвяткаваньні перамогі. Многія крытыкавалі арабскае і заходнеэўрапейскае асьвятленьне падзей у Іраку. Тым часам амбасадар Іраку ў ААН Мухамад Аль Дуры, якога журналісты засьпелі перад ягоным асабняком у цэнтры Нью-Ёрку, якраз насупраць рэзыдэнцыі мэра Блумбэрга, пракамэнтаваў падзеі так, што “гульня скончылася”, што ён вось ужо некалькі дзён ня мае кантакту з рэжымам і спадзяецца на хуткі мір. Ён таксама падкрэсьліў, што рэпрэзэнтуе ірацкі народ.

Цікава, што сёньня ня было паведамленьняў пра антываенныя акцыі ў ЗША. Паводле апытаньняў, праведзеных многімі тэлестудыямі, амэрыканцы хвалююцца, што перамога ў Іраку ня будзе вызначацца толькі ваеннымі посьпехамі. Найбольш скаладанай задачай, лічаць многія амэрыканцы, будзе пабудова дэмакратычнага самакіраваньня ў Іраку. Гэта будзе найбольшым выпрабаваньнем ня толькі для іракцаў, але і для амэрыканскіх падаткаплацельшчыкаў.
XS
SM
MD
LG