Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВОЙСКІ КААЛІЦЫІ ЗАНЯЛІ БАГДАД


Юры Дракахруст, Прага

Мэдыі паведамляюць, што амэрыканскія танкі ўваходзілі ў Багдад з усіх бакоў. Часткі рэспубліканскай гвардыі ў ірацкай сталіцы акружаныя танкавымі злучэньнямі кааліцыі, што вялі наступ з заходняга берага Тыгру, і марской пяхотаю, якая ўмацавалася на ўсходніх і паўночных ускраінах Багдаду.

На заходнім беразе Тыгру амэрыканскія сілы занялі будынкі міністэрстваў плянаваньня, замежных справаў і інфармацыі, гатэль “Рашыд”, у зоне іх кантролю апынуўся і велічэзны манумэнт – помнік вайны з Іранам. Заняты таксама аэрапорт Эр-Рашыд на паўдзённым усходзе Багдаду.

Карэспандэнт нашага радыё Рон Сынавіц, прыкамандзіраваны да 3-й пяхотнай дывізіі ЗША, якая зараз знаходзіцца ў Багдадзе, распавядае пра свае ўражаньні мінулай начы і сёньняшняга дня:

(Сынавіц: ) “Учора была адна з самых ціхіх начэй у Багдадзе за апошні тыдзень. Бамбаваньня амаль не было. Адна з прычынаў гэтага палягае ў тым, што амэрыканскія войскі ўжо ўвайшлі ў розныя раёны Багдаду. Учора я быў сьведкам таго, як адзін амэрыканскі аддзел ледьзве не абстраляў іншы, ведучы агонь па кінутай ірацкай тэхніцы. Амэрыканскія войскі маюць яшчэ адну праблему ў Багдадзе – як адрозьніць цывільных людзей ад вайскоўцаў, бо ірацкія салдаты зараз апранаюцца ў цывільнае адзеньне. Цяжкасьці стварае і тое, што зоны дзеяньняў розных амэрыканскіх злучэньняў перакрыжоўваюцца паміж сабою”.

Ускосна пра посьпех кааліцыі сьведчыць тое, што журналісты, што знаходзяцца ў Багдадзе, больш ня бачаць міністра інфармацыі Іраку Саіда аль Сахафа, які раней па некалькі разоў на дзень ладзіў прэсавыя канфэрэнцыі, на якіх выкладаў пазыцыю ірацкіх уладаў. Пра посьпех сьведчыць і зьяўленьне на вуліцах Багдаду людзей, якія вітаюць амэрыканцаў і нішчаць партрэты Садама Хусэйна. Тэлебачаньне Абу Дабі паказала натоўп багдадцаў, якія выкрыквалі лёзунг “Няма Бога акрамя Алаха, і Садам – вораг яго”.

Наш карэспандэнт Рон Сынавіц размаўляў з падпалкоўнікам Джонам Карлтанам, які кіруе злучэньнем спэцназу, якое рабіла рэйд у цэнтар Багдаду.

(Карлтан: ) “Калі мы прыйшлі туды ўпершыню, мы сутыкнуліся зь людзьмі, вернымі Хусэйну, якія абстрэльвалі нас, і мы змагаліся зь імі ўсю ноч. Сёньня мы чакалі таго ж самага, але нас акружылі цывільныя людзі, якія дзякавалі нам, давалі нашым салдатам пэпсі-колу і цыгарэты, пускалі сваіх дзяцей пасядзець на нашых машынах. Яны былі вельмі шчасьлівыя і дзякавалі нам за тое, што мы прыйшлі сюды.

Падпалкоўнік Карлтан прапануе сваё тлумачэньне гэтай зьмены стаўленьня іракцаў да войскаў каліцыі:

(Карлтан: ) “Так выглядае, што цяпер, калі мы кантралюем цэнтар Багдаду, людзі зразумелі, што рэжым паў і яны могуць вольна выказваць свае пачуцьці. Яны выказваюць радасьць з нагоды таго, што мы прайшлі, і гэта – вялікая радасьць і для нас. Нашыя салдаты сапраўды шчасьлівыя. Менавіта за гэта яны і змагаліся, каб дзеці падыходзілі да іх, казалі “прывітаньне”, паціскалі рукі, каб мясцовыя жыхары казалі нам “дзякуй”. Таму мы адчувавем сябе вельмі добра”.

Пакуль афіцыйныя прадстаўнікі амэрыканскага камандаваньня не гавораць, што вайна ўжо скончаная. Прадстаўнік амэрыканскага камандаваньня Фрэнк Торп заявіў сёньня наступнае:

(Торп: ) “Мяркую, што пакуль рана казаць пра завяршэньне апэрацыі. Наперадзе ў нас, магчыма, яшчэ шмат дзён жорсткіх баёў, пакуль сілы кааліцыі будуць рушыць у цэнтар Багдаду і ў іншыя раёны краіны”.

Праўда, як паведамляе наш карэспандэнт Рон Сынавіц, сярод шараговых салдатаў ужо зьяўляецца адчуваньне перамогі.

У сьвятле посьпехаў войскаў каліцыі ўзьнікае іншы погляд і на лёс Садама Хусэйна. У размове з Ронам Сынавіцам падпалкоўнік Джон Карлтан сказаў:

(Карлтан: ) “Я ня ведаю, ці жывы ён і дзе ён знаходзіцца, але адно магу сказаць упэўнена – калі яго не дастанем мы, яго дастануць іракцы. Зараз, калі мы тут, яны зьбіраюцца зрабіць усё, каб вызваліць краіну ад ягонага ўплыву. Мне падаецца, што для яго зараз у Іраку ўжо няма аніякага бясьпечнага месца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG