Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МАГІЛЁВЕ ЗАМЕСТ ТРОХ РАЁНАЎ БУДУЦЬ ЎТВОРАНЫЯ ДВА НОВЫЯ


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў

Магілёўскія ўлады настойваюць на эканамічных прычынах рэформы раёнаў. Мяркуецца скараціціь 26 чалавек у апараце кіраваньня раёнаў, і гэта дасьць да 300 мільёнаў рублёў эканоміі на год.

Старшыня Магілёўскага гарвыканкаму Віктар Шорыкаў лічыць, што трэба вучыцца эканоміць бюджэтныя сродкі, бо прамысловыя прадпрыемствы, паводле ягонага цьверджаньня, доўга ня здолеюць трываць вялізны падатковы прэс.

(Шорыкаў: ) “Я, як ніхто іншы — 18 гадоў адпрацаваў на заводзе, ведаю рэальнае становішча справаў у сфэры вытворчасьці — там, дзе фармуецца бюджэт. І калі мы сёньня не пачнем прымаць нават самыя непапулярныя меры эканоміі бюджэтных сродкаў, нас чакаюць вялікія непрыемнасьці”.

Між тым, на сэсіі высьветлілася, што пакуль не падлічаныя выдаткі ад скарачэньня раённых структураў сілавых органаў, падатковай інспэкцыі, суду, рэформы ў жыльлёва-камунальнай сфэры, якая таксама чакаецца, замены блянкаў, шыльдаў і пячатак. Так што дакладны кошт адміністрацыйнага перадзелу яшчэ невядомы. Тым ня менш, дэпутаты аблсавету палічылі рэформу раёнаў у Магілёве прагрэсіўнай справай і яе падтрымалі адзінагалосна.

Праблемы ўзьніклі толькі з назвамі новых раёнаў. Кіраўніцтву абласнога савету не спадабалася назва “Машэкаўскі” — ад імя легендарнай асобы, якая, паводле паданьня і паэмы Купалы, спрычынілася да ўтварэньня Магілёва. Дэпутаты ўважаюць Машэку за звычайнага разбойніка, а таму аддалі перавагу назьве “Цэнтральны раён”.

Таксама вырашана не мяняць назву Кастрычніцкага раёну. Дэпутаты і кіраўніцтва вэртыкалі мяркуюць, што праз колькі гадоў са словам “Кастрычніцкі” ў людзей будуць узьнікаць, як кажа старшыня аблсавету Мікалай Жук, “толькі сьветлыя і мілыя ўспаміны”.

Меркаваньні дэпутатаў разышліся з прапановай кіраўніка Магілёва Віктара Шорыкава:

(Шорыкаў: ) “У нас шмат рэвалюцыйных назваў у горадзе, ня так, як у Менску, дзе ўсё перайменавалі. Проста для зручнасьці жыхароў я хацеў іншыя, больш звыклыя назвы. Але я так зразумеў, што ў рашэньні савету будуць запісаныя “Кастрычніцкі” і “Цэнтральны”.

Назвамі новых магілёўскіх раёнаў будзе далей займацца рэспубліканская тапанімічная камісія, а сама адміністрацыйная рэформа абмеркаваная ва ўрадзе і адміністрацыі прэзыдэнта.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG