Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СТРАТЭГІЧНАЕ АМЭРЫКАНА-РАСЕЙСКАЕ ПАРТНЭРСТВА МОЖА АКАЗАЦЦА НЯДОЎГАТРЫВАЛЫМ


Кастусь Бандарук, Прага

“У той час як увага міжнароднай супольнасьці засяроджаная на вайне ў Іраку, тырыны скарыстоўваюць нагоду, каб пазбыцца апазыцыі, сапраўднай ці ўяўнай”, – піша на старонках газэты “New York Times” дырэктар Інстытуту адкрытага грамадзтва Арыех Нэер. “У Зымбабвэ, Беларусі і Кубе незалежных журналістаў, апазыцыйных лідэраў і праваабаронцаў кідаюць за краты”. З прычыны адсутнасьці ўсялякага кантролю лідэры краінаў-ізгояў пачалі паводзіць сябе нахабна, ведаючы, што іхныя дзеяньні выклічуць ня болей як слабыя пратэсты па-за межамі іхных краінаў. На мінулым тыдні ў Менску ўлады затрымалі 50 удзельнікаў мірнай дэманстрацыі з нагоды 85-й гадавіны БНР. “Выглядае, – піша Арыех Нэер, – што Аляксандар Лукашэнка, апошні дыктатар у Эўропе, мае намер узмацніць кантроль над краінаю”.

У тым, што дыктатары актывізуюцца ў часе міжнародных крызысаў, няма нічога новага. У 1956 годзе Савецкі Саюз здушыў вугорскае паўстаньне ў часе суэскага крызысу. У 1968 годзе, калі Вашынгтон ўцягнуўся ў віетнамскую вайну і калі ў ЗША, Францыі і Нямеччыне працягваліся бурныя антываенныя пратэсты, Савецкі Саюз напаў на Чэхаславаччыну. Цяпер, паводле Нэера, актывізацыю тыранаў можна лічыць адным з пабочных наступстваў вайны ў Іраку.

Газэта “Stratfor” прысьвечаная стратэгічным прагнозам, абмяркоўвае эвалюцыю амэрыканска-расейскіх адносінаў у кантэксьце рознагалосьсяў вакол вайны ў Іраку. Дараднік ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі ЗША Кандаліза Райс, акрэсьліла стан цяперашніх стасункаў як “ партнэрства з праблемамі”. Больш за тое, цяпер Расея знаходзіцца ў амэрыканскім “чорным сьпісе”. Крэмль апынуўся пад моцным ціскам з боку ЗША адначасова зь некалькіх бакоў. Паводле амэрыканскага выданьня, атакуючы расейскіх дыпляматаў у Іраку, ЗША відавочна хацелі пакараць Расею за ейную антываенную пазыцыю. Акрамя таго, ЗША маюць у руках іншыя козыры супраць Расеі. Гэта маргіналізацыя ейнай традыцыйнай прысутнасьці ў Іраку ў пасьляваенны час, магчымасьць заблякаваньня далучэньня Расеі да Ўсясьветнай Гандлёвай Арганізацыі, справа дараваньня даўгоў і вайна ў Чачэніі.

У Пуціна, паводле “Stratfor”, засталося няшмат поля для манэўру. Менавіта таму ён паўстрымаўся ад рэзкага асуджэньня абстрэлу расейскіх дыпляматаў у Іраку. Ён таксама ўстрымліваецца ад моцных заяваў у справе адхіленьня Масквы ад удзелу ў будучай адбудове Іраку. Вашынгтон усьведамляе, што, па вялікім рахунку, голас Крамля ён можна праігнараваць. Праўда, Пуцін можа зрабіць стаўку на антываенныя і антыамэрыканскія настроі сярод расейцаў, але гэта таксама рызыкоўнае: акрамя некаторых плюсаў, гэта будзе азначаць канец кароткага пэрыяду “любові” паміж Вашынгтонам і Масквою.

Такім чынам, паводле газэты “Stratfor”, акрамя рознагалосьсяў ў справе вайны, Расею і ЗША чакаюць яшчэ многія канфлікты ў зьвязку з эканамічнымі інтарэсамі ў Пэрсыдзкай затоцы. У выніку стратэгічнае амэрыкана-расейскае партнэрства можа аказацца нядоўгатрывалым. Пуціну патрэбны саюз з Амэрыкай, інакш разбурыцца падстава ягонай празаходняй арыентацыі. Бушу таксама патрэбная Расея ў якасьці важнага элемэнту антытэрарыстычнай кааліцыі. Абодва яны хвалююцца за будучыню іхнага партнэрства, але, на жаль, ня ведаюць, як зьняць перашкоды на шляху да лепшага супрацоўніцтва.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG