Сьледчых Цэнтральнага аддзелу міліцыі Ўладзімера Філіпенку і Аляксандра Быкава абвінавачваюць у злоўжываньні службовым становішчам і крадзяжы. Паводле абвінавачаньня, яны скралі ў падсьледнага некалькі аўтамагнітолаў і аўтазапчасткі на буйную суму.
Опэрупаўнаважаны ўпраўленьня маральнасьці й барацьбы зь незаконным абаротам наркотыкаў Зьміцер Цішко абвінавачваецца ў разбойным нападзе і рабаўніцтве. Пацярпелымі ў судзе будуць выступаць грамадзяне Віетнаму — муж і жонка. Гэты міліцыянт уварваўся ў іх кватэру, выбіўшы дзьверы. Ён зьбіў гаспадароў і адабраў у іх 800 амэрыканскіх даляраў. Гэтыя крымінальныя справы расьсьледавалі супрацоўнікі пракуратуры Цэнтральнага і Фрунзенскага раёнаў Менску.
Ад пачатку году толькі ў Менску праз раённыя пракуратуры прайшлі некалькі крымінальных справаў супраць міліцыянтаў. Красавік адзначыўся крымінальнымі справамі супраць саміх пракурорскіх работнікаў розных узроўняў. У Менску арыштаваны памочнік пракурора Кастрычніцкага раёну Ўладзімер Балтуноў. Ён абвінавачваецца ў махлярстве. Крымінальная справа вядзецца супраць сьледчага пракуратуры Савецкага раёну.
У Лоеве арыштаваны гарадзкі пракурор. Увогуле, у Гомельскай і Берасьцейскай абласьцях затрыманыя некалькі супрацоўнікаў пракуратуры. Усе яны, як правіла, абвінавачваюцца ў хабарніцтве. За краты трапілі й супрацоўнікі адвакацкіх калегіяў. Узбуджана некалькі крымінальных справаў. Ёсьць узятыя пад варту. Толькі ў Менску чатыры адвакаты трапілі ў сьледчы ізалятар.
Начальнік сьледчага аддзелу па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Аляксандар Карчэўскі паведаміў, што вялізная колькасьць крымінальных справаў тлумачыцца выпадковым супадзеньнем:
(Карчэўскі: ) “Вядзецца мэтанакіраваная праца. Няма нейкага сыгналу, што адным трэба браць хабар, а іншым — іх лавіць. Гэта звычайная праца. Тое, што менавіта цяпер такая канцэнтрацыя крымінальных справаў — гэта выпадковае супадзеньне. Вы думаеце, што мы раней не працавалі, а цяпер узяліся за працу? У нас заўсёды шмат справаў. Гэта не каманда зьверху, а простае супадзеньне. Мы працуем і выяўляем злачынствы”.
Назіральнікі лічаць, што шматлікія арышты і праверкі скіраваныя на запалохваньне грамадзтва. Юрыст Беларускага Гельсынскага камітэту Алег Гулак так пракамэнтаваў гэта Радыё Свабода:
(Гулак: ) “Апошнія гэтыя затрыманьні і арышты, канечне, падаюцца як барацьба з хабарніцтвам і карупцыяй. Пад гэтую барацьбу трапляюць прадстаўнікі то адной структуры, то іншай. Гэта такая своеасаблівая кампанія. Такім чынам дасягаюцца іншыя мэты: розныя ведамствы натраўліваюцца адзін на адзін і, такім чынам, ажыцьцяўляецца прынцып: “Падзяляй і ўладар”. Гэтая сытуацыя становіцца магчымай таму, што многія людзі так ці інакш парушаюць заканадаўства, ды й ня могуць не парушаць. Вось такія рэпрэсіўныя кампаніі ёсьць сродкам запалохваньня грамадзтва. Менавіта для таго, каб сыстэмай можна было кіраваць”.
Паводле нашай інфармацыі, 8 красавіка быў затрыманы яшчэ адзін прадстаўнік праваахоўчых органаў.