Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“NEUE ZUERCHER ZEITUNG”: БЕЛАРУСЬ У ФОКУСЕ ЗАХОДНЯЙ КРЫТЫКІ


Ул. інф.

Паводле “Neue Zuercher Zeitung”, прадстаўніца ЗША ў камісіі ААН па правах чалавека Джэйн Кіркпатрык прадставіла ў Жэнэве сваё паведамленьне пра сытуацыю з правамі чалавека ў такіх краінах як Кітай, Ірак, Іран, Куба, Тога, Туркмэністан і Беларусь. Што да той часткі справаздачы, якая прысьвечаная Беларусі, то яна вытрыманая ў надзвычай рэзкіх танах.

Паводле аглядальнікаў, на іншае Лукашэнка зь ягонай з дэманстрацыйнай салідарнасьцю са скінутым рэжымам Садама Хусэйна разьлічваць ня можа. Як піша швайцарскае выданьне, жэнэўскія філіпікі спадарыні Кіркпатрык былі засяроджаныя на беларускай сытуацыі. На гэтым тле крытыка рэпрэсіўнай палітыкі Пэкіна атрымалася значна больш сьціплай за тую, якая прагучала на адрас афіцыйнага Менску.

Аднак, у любым выпадку, — піша “Neue Zuercher Zeitung”, пазыцыя Вашынгтону, якая была агучаная ў Жэнэве амэрыканскай прадстаўніцай у ААН выглядала дастаткова яснай.

Як вынікае са справаздачы спадарыні Кіркпатрык, апошнім часам стан асноўных правоў і свабодаў чалавека ў Беларусі істотна пагоршыўся. Агенты КГБ непрыкрыта сочаць за прадстаўнікамі апазыцыі і перашкаджаюць працы праваабаронцаў. Захады рэжыму накіраваныя супраць існаваньня свабоды меркаваньняў, сходаў, веравызнаньня, СМІ. Беларусь застаецца адзінай краінай у Эўропе, дзе ніяк ня скончацца паўномоцтвы таталітарызму.

Паводле назіральнікаў, і без таго жорсткую пазыцыю Вашынгтону ў дачыненьні да Менску яшчэ больш узмацнілі тыя шматлікія арышты і затрыманьні, якія апошнім часам адбыліся ў Беларусі. Як вынікае са справаздачы, гэтак званыя “красавіцкія хапуны” адбыліся на падставе агентурных зьвестак.

Так, 3 красавіка былі затрыманыя дзясяткі ўдзельнікаў дэманстрацыі ў падтрымку ЗША - сябры моладзевай арганізацыі “Зубр”, якія прыйшлі на акцыю з транспарантамі “Мы — з ЗША!”, “Ніколі з тыранамі!”, “Буш і Блэр маюць рацыю”.

Аўтар артыкула ў сёньняшняй “Neue Zuercher Zeitung” цытуе тыя ўрыўкі са справаздачы спадарыні Кіркпатрык, якія тычаць арышту прадпрымальніка Валерыя Леванеўскага, пакараньня праціўніцы рэжыму Аксаны Новікавай. Як вынікае з публікацыі ў “Neue Zuercher Zeitung”, апошнім часам сваю крытыку супраць беларускага кіраўніцтва ўсё больш адкрыта дэманструе і Эўропа.

У нядаўняй адмысловай заяве Эўразьвязу выказваецца надзвычайнае шкадаваньне і непаразуменьне Брусэлю ў зьвязку з агульным пагаршэньнем палітычнай сытуацыі ў Беларусі. Калі Эўразьвяз у сваёй крытыцы на адрас афіцыйнага Менску ўжывае адпаведную дыпляматычную тэрміналёгію, ЗША агучвае сваю гатовасьць да канкрэтных крокаў у падтрымку дэмакратычнай трансфармацыі ў краіне. Паводле розных крыніцаў, Вашынгтон гатовы выдаткаваць на гэтыя мэты 40 мільёнаў даляраў ЗША, — піша “Neue Zuercher Zeitung”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG