Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КРАСАВІЦКІЯ ЗАВІРУХІ САРВАЛІ СЯЎБУ

Галіна Абакунчык, Менск

Учора толькі ў Менску было зарэгістравана 70 дарожна-транспартных здарэньняў, у той час, калі ў звычайныя дні іх бывае ня больш за 20. Гаворыць інспэктар сталічнага ўпраўленьня ДАІ Мікалай Васільеў:

(Васільеў: ) “Але гэта ня тыя здарэньні, калі ёсьць загіблыя. Гэта шараговыя сутыкненьні, калі людзі не вытрымліваюць дыстанцыю, ня ўмеюць тармазіць, бо на лецішчы павыяжджала шмат прыватнікаў і г.д. Таму рэкамэндацыі: не выяжджаць у такое надвор’е, а карыстацца грамадзкім транспартам”.

З прычыны халадоў камунальныя службы мусілі тэрмінова аднаўляць зімовы тэмпэратурны рэжым у памяшканьнях, зьніжаны зь першым цяплом. Але пры гэтым не выключаюць, што жыхарам некаторых рэгіёнаў усё ж давядзецца трываць холад. Гаворыць памочнік міністра жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Валеры Новак:

(Новак: ) “Мы змагаемся за кожную тону паліва, але не даем людзям замерзнуць. Іншая рэч, што ў рэгіёнах яго недастаткова, і там могуць самі прымаць адпаведныя рашэньні, не паведамляючы нам”.

Аднак найбольш значныя адмоўныя наступствы красавіцкага сьнегападу ўжо сёньня адчувае сельская гаспадарка. Ад 5 красавіка распачалася сяўба, якую давялося спыніць. На сёньня пасеяна каля 0,2% ад патрэбнага, у той час калі ў іншыя гады гэтая лічба была роўная 37%. Таму завяршаць сяўбу давядзецца ў сьціслыя тэрміны, а пры цяперашнім матэрыяльна-тэхнічным забесьпячэньні сельскай гаспадаркі гэта надзвычайнае становішча, — кажа кіраўнік дэпартамэнту Мінсельгасхарчу Ўладзімер Курашнік.

(Курашнік: ) “Страх у тым, што аптымальныя тэрміны давядзецца сьціскаць: тое, што за 20 дзён можна было пасеяць, давядзеца сеяць за 10, бо ніхто ж не дазволіць гэта рабіць у чэрвені. А тое, што сьнег ляжыць — канечне, гэта экстрэмальна, але ў нас так было ў 1978 годзе, калі ў траўні выпаў сьнег і тры дні ляжаў. Самы ўраджайны год, але тады зусім іншыя ўмовы былі: дастаткова было мінэральных угнаеньняў і сродкаў аховы. А як цяпер? Пакуль што навукоўцы кажуць, што страху няма”.

Тым часам, паводле прагнозаў Беларускага гідрамэтэацэнтру, істотнага пацяпленьня ў найбліжэйшыя дні чакаць не даводзіцца: 10 і 11 красавіка ўначы чакаюцца замаразкі, а дзённая тэмпэратура падвысіцца на 3–5 градусаў цяпла. Акрамя таго, сыноптыкі не выключаюць, што падобнае пахаладаньне можа здарыцца яшчэ й у другой палове красавіка.
XS
SM
MD
LG