Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАДСТАЎНІК ЧЫРВОНАГА КРЫЖА ЛІЧЫЦЬ, ШТО БЕЛАРУСКІЯ МЭДЫКІ Ў ЗОНЕ ІРАЦКАГА КАНФЛІКТУ НЕ ПАТРЭБНЫЯ

Альгерд Невяроўскі, Менск

Чыноўнікі Міністэрства аховы здароўя вельмі неахвотна дзеляцца інфармацыяй, што да магчымага накіраваньня беларускіх мэдыкаў-добраахвотнікаў у сумежныя з Іракам краіны. Аўтар адмысловага распараджэньня, разасланага ва ўсе абласныя аддзелы аховы здароўя, намесьнік міністра Аляксандар Раманенкаў размаўляць з журналістамі ў гэтай справе адмаўляецца. Ён гаворыць, што гэтая інфармацыя сакрэтная.

А вось што сказаў начальнік дэпартамэнту зьнешніх сувязяў Міністэрства аховы здароўя Эдуард Глаўкоў:

(Глаўкоў: ) “Я ведаю, што міжнародны Чырвоны Крыж зрабіў заяву, што ўсе лекары, якія жадаюць дапамагаць Іраку, павінны дасылаць зьвесткі пра кваліфікацыю й веданьне моваў. Яны ўжо на конкурснай падставе вылучаць тых, хто можа ехаць. Толькі празь іх”.

Супрацоўніца прэсавай службы Міністэрства замежных справаў Беларусі Марыя Ваньшына таксама гаворыць, што з гэтай ініцыятывай выступіла Міжнародная фэдэрацыя таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца:

(Ваньшына: ) “Гэта па лініі Чырвонага Крыжа. Прапрацоўка такіх пытаньняў заўсёды йдзе па лініі Чырвонага Крыжа. Натуральна яны ня могуць зьвяртацца наўпрост і таму зьвяртаюцца празь Міністэрства замежных справаў. А нашы ўжо праінфармавалі”.

Міжнародная фэдэрацыя таварыстваў Чырвонага Крыжа й Чырвонага Паўмесяца не зьвярталася з падобнай просьбай да беларускіх уладаў. Гаворыць кіраўнік беларускага прадстаўніцтва Міжнароднай фэдэрацыі Стэфан Сібахер:

(Сібахер: ) “Цяпер мы не шукаем дадатковых людзей, якія б маглі аказваць мэдычную дапамогу ў часе ірацкага крызысу. Але мы сочым за сытуацыяй, і калі яна будзе пагаршацца, то, магчыма, мы будзем шукаць новых людзей. Мы набіраем высокакваліфікаваных прафэсіяналаў, якія могуць аказаць нейкую дарадчую дапамогу, а ня лекараў. Свае мэдычныя спэцыялісты ёсьць і ў Іраку”.

Ён таксама паведаміў, што адзін прадстаўнік беларускага Чырвонага Крыжа ўжо працуе экспэртам па аказаньні дапамогі ірацкім уцекачам у Ярданіі. Беларускія ж мэдыкі ў зоне канфлікту, на думку спадара Сібахера, хутчэй за ўсё, не спатрэбяцца.

Іншыя прадстаўнікі Міжнароднай фэдэрацыі таварыстваў Чырвонага Крыжа й Чырвонага Паўмесяца лічаць, што ініцыятыва беларускіх уладаў у пошуку добраахвотнікаў для працы ў зоне канфлікту мае хутчэй прапагандысцкі характар.
XS
SM
MD
LG