Расейскія артысты апошнія гады часта гастралююць у Беларусі. Да звыклых сталічных пляцовак дадаліся і рэгіёны: расейскія поп-зоркі сьпяваюць у лядовых палацах. Аднак, аншлягі здараюцца ўсё больш рэдка. Беларускія адмыслоўцы ў шоў-бізнэсе лічаць: прычынай гэтаму — неадпаведнасьць апэтыту расейскіх поп-зорак платаздатнасьці беларускай аўдыторыі. Сярэдняя цана квітка — 30–40 тысяч рублёў, што для шараговага аматара расейскамоўнай музыкі нямала.
Да таго ж, і крокі ўладаў дзеля ўпарадкаваньня гастрольнай дзейнасьці паспрыялі стратнасьці арганізацыі канцэртаў у Беларусі. Такога меркаваньня прытрымваецца прадстаўніца кампаніі “Кляс-клюб Джаз-Крафт” Маргарыта Корзун:
(Корзун: ) “Тэндэнцыя такая ёсьць. Цягам апошняга году ўлады выдалі вельмі шмат указаньняў і распараджэньняў, якія істотна ўплываюць на падвышэньне кошту квіткоў. Гэта тычыцца і новых падаткаў, і новых коштаў арэнды канцэртных заляў. Але тэма гэта дастаткова складаная, і павярхоўна яе ня вырашыць. Мы, прынамсі, ніякіх канцэртаў не адмяняем. Заўтра ў Менску сьпявае Крыс дэ Бург. Падставаў дзеля хваляваньня, як было з Кабзонам, няма: раз на год Іосіф Кабзон не вызначае іншыя канцэрты”.
Канцэрты ўсясьветных зорак здараюцца зусім рэдка — выдаткі і звышкоштамі не кампэнсуеш. Нават самыя дарагія расейцы значна таньнейшыя за заходніх артыстаў. Але існуе яшчэ адна прычына нашэсьця сьпевакоў з суседняй краіны. На думку лідэра этна-фольк-гурту “Палац” Алега Хаменкі, у дыспрапорцыі на карысьць расейцаў вінаватая перадусім палітыка дзяржавы зь яе пагардлівым стаўленьнем да беларускай культуры.
(Хаменка: ) “Чым дрэнныя расейцы? Яны ня дрэнныя. Іх проста вельмі магутна рэклямуюць у Беларусі. Ізноў жа таму, што нас прывучылі: зорка павінна сьпяваць па-расейску. Нідзе ў сьвеце такога няма. Калі музыка беларуская, то, у першую чаргу, гэта азначае, што яна беларускамоўная. Але калі табе кажуць кожны момант, што мы ўсё роўна станем адной краінай, дык узьнікае пытаньне: навошта нам тыя беларускія артысты наагул? А хто будзе плаціць за тое, што не патрэбна? Беларуская эстрада ўрэшце альбо зьедзе ў Маскву, альбо застанецца некалькі мясцовых зорак у рангу сьпевакоў якой-небудзь Ханты-Мансійскай аўтаномнай акругі. Ужо цяпер беларускі артыст — гэта артыст рэгіянальнага расейскага маштабу”.
Расейская экспансія працягваецца і на тэатральных падмостках — ці ня кожны тыдзень на менскія сцэны, дэкараваныя сталом і крэслам, выходзяць папулярныя маскоўскія і піцерскія акторы. Але і яны ўжо надакучваюць публіцы: нядаўна менчукі праігнаравалі спэктакль з удзелам Натальлі Андрэйчанкі “Цудоўныя лекі ад нуды”.
Такія антрэпрызы народная артыстка Беларусі Вольга Клебановіч называе халтураю. Яна зьвязвае гэта зь неабароненасьцю беларускіх творцаў і шырокай рэклямай у беларускіх элетронных СМІ расейскіх выканаўцаў. Пытаюся ў спадарыні Клебановіч, ці ёсьць з падобнага становішча выйсьце?
(Клебановіч: ) “Натуральна, ёсьць. Калі мы пра гэта будзем гаварыць ня толькі ў прыватных гутарках, а ўголас. Тады штосьці можна рэальна зрабіць”.
(Карэспандэнт: ) “Ад пазыцыі чыноўнікаў залежыць агульная сытуацыя?”
(Клебановіч: ) “Вядома. Няма пазыцыі адносна рэпэртуару, гастроляў. Хто хоча, той і едзе. Што хочуць, тое нам і падаюць. А нашыя тым часам занядбаныя. Прыкладам, здымаюцца беларусы ў расейскіх стужках, дык розьніца паміж аплатай маскоўскім акторам і нашым непараўнальная. Нашыя фактычна за бясплатна працуюць”.
Зь вясной гастролі актывізуюцца. Афішы становяцца ўсё болей маляўнічымі і навязьлівымі, але публікі ў залях усё меней.