Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ ВАЕНКАМАТЫ СТВАРАЮЦЬ МАБІЛІЗАЦЫЙНЫЯ СТРУКТУРЫ


Валер Каліноўскі, Менск

Пры канцы сакавіка, упершыню за апошнія 15 гадоў выкладчыка БДУ старшага лейтэнанта запасу Аляксандра Н. выклікалі ў ваенкамат Маскоўскага раёну Менску. Разам зь ім позвы атрымалі яшчэ каля 30 чалавек ва ўзросьце 40–50 гадоў:

(Аляксандар: ) “Сабралі нас у адной са школаў Маскоўскага раёну Менску, і была такая ўводная гутарка з нагоды таго, што пачынаецца аднаўленьне даўно забытых вайсковых збораў, якія цяпер будуць праводзіцца даволі часта. З нас жа ствараюць асаблівую каманду, адказную за хуткае разгортваньне рэзэрвістаў з запасу. Канкрэтныя нашыя задачы нам скажуць пазьней, хто чым будзе займацца: прыём людзей, накіраваньне іх на месцы дысьлякацыі і г.д.”

Аляксандар кажа, што наступны збор іх мабілізацыйнай каманды прызначаны праз два месяцы. Супрацоўнікі ваенкамату патлумачылі, што ажыўленьне забытай ужо кампаніі вайсковых збораў мае адпаведнае фінансавае забесьпячэньне, і вядзецца падрыхтоўка да сапраўды масавай кампаніі.

(Аляксандар: ) “Як было сказана — да поўнай мабілізацыі, мы павінны адпрацаваць схему на выпадак, калі будзе масавы прызыў рэзэрвістаў”.

Паводле Аляксандра, усе выкліканыя ваенкаматам заўважылі, што гэта супала з вайной у Іраку, якая, відавочна, і паслужыла штуршком.

У Мінабароны Беларусі зборы вайскоўцаў запасу ня зьвязваюць з падзеямі ў Іраку і сьцьвярджаюць, што масавай мабілізацыі не чакаецца. Гаворыць падпалкоўнік Міхаіл Сьцепановіч:

(Сьцепановіч: ) “Ва ўзброеных сілах ня супраць выклікаць штогод на зборы як мага болей, у нашых інтарэсах рыхтаваць вайсковаабавязаную рэзэрву ў як мага большым маштабе. Усё будзе залежаць ад эканамічных магчымасьцяў дзяржавы. На гэта грошы выдаткоўваюцца, але не ў такіх сумах, як хацелася б. Але, як паказалі два мінулыя вучэньні, мы выклікалі па 250 чалавек. Можа, сёлета будзе болей, можа меней. Усё гэта будзе залежаць ад абставінаў”.

Палкоўнік запасу Ўладзімер Барадач кажа, што такія мерапрыемствы могуць быць плянавымі, а могуць праводзіцца і ў сувязі са зьмяненьнем замежнапалітычнай абстаноўкі, вайной у Іраку, у прыватнасьці. Умацаваньне баяздольнасьці арміі, праверка ўсіх сіл і сродкаў патрэбная, кажа спадар Барадач:

(Барадач: ) “Цяжка прадказаць далейшыя дзеяньні кааліцыйных сілаў. Тым больш, калі кааліцыя будзе валодаць зьвесткамі й непасрэдна ўзорамі вайсковай тэхнікі, якая магла быць пастаўленая ў Ірак з той ці іншай краіны, і якая паўплывала на хаду гэтай антытэрарыстычнай апэрацыі ў Іраку. Таму, безумоўна, могуць быць нейкія ўскладненьні ў залежнасьці ад ступені ўплыву, сур’ёзнасьці пастаўленых вайсковых сродкаў і ўзбраеньня”.

Палкоўнік запасу Барадач кажа, што інфармацыяй пра тое, што пастаўлялася зь Беларусі ў Ірак, валодаюць толькі ўлады, і толькі яны могуць мець уяўленьне пра рэальнасьць праблемаў, якія ў сувязі з гэтымі пастаўкамі могуць узьнікнуць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG