Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАЗЬ БЕЛАРУСКА-ПОЛЬСКУЮ МЯЖУ ВЯЗУЦЬ АБСТАЛЯВАНЬНЕ ДА РАСЕЙСКІХ САМАЛЁТАЎ-ЗЬНІШЧАЛЬНІКАЎ

Алег Супрунюк, Берасьце

Паводле зьвестак польскай газэты "Дзёньнiк Всходнi", падазроны аўтамабiль накiроўваўся з Расеi i ўжо прайшоў дагляд беларускiмi мытнiкамi на памежным пераходзе "Казловiчы". Але на польскiм тэрмiнале ў Карошчыне машыну вырашылi праверыць больш уважлiва.

У кабiне кiроўцы быў знойдзены невядомы груз. Кiроўца – грамадзянiн Польшчы – спрабаваў пераканаць мытнiкаў, што гэтая прылада выкарыстоўваецца для вымярэньня магутнасьцi электрычнасьцi ў сецiве. Але выклiканыя дзеля экспэртызы вайскоўцы абверглi вэрсiю кiроўцы. Як паведамiла журналiстам Барбара Корвiн, прадстаўнiца мытнай управы ў Бялай Падлясцы, вайскоўцы зазначылi, што знойдзенае абстальваньне вядомае пад назовам "Гроза" i выкарыстоўваецца ў расейскiх самалётах-зьнiшчальнiках СУ-24.

Зараз кiроўца аўтамабiля i сам груз затрыманыя, а сьледзтва па гэтай справе перададзена ў польскае Агенцтва ўнутранай бясьпекi i бяла-падляскую пракуратуру.

У берасьцейскай мытнi "Заходнi Буг" сёньня ня здолелi падцьвердзiць альбо абвергнуць паведамленьне сваiх польскiх калегаў.

Варта нагадаць, што два тыднi таму беларускiя мытнiкi ўжо затрымлiвалi аўтамабiль, якi перавозiў з Расеi запчасткi да самалётаў-зьнiшчальнiкаў. Падрабязнасьцi гэтага здарэньня дагэтуль невядомыя, акрамя зьвестак пра распачатую крымiнальную справу.
XS
SM
MD
LG