Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АГЛЯД СПАРТОВАГА ЖЫЦЬЦЯ БЕЛАРУСІ НА МІНУЛЫМ ТЫДНІ

Ігар Карней, Менск

Мінулы тыдзень даў адказ на пытаньне, якое хвалявала тысячы беларускіх заўзятараў: ці застаюцца шанцы ў футбольнай зборнай на выхад у фінальную частку Чэмпіянату Эўропы 2004 году ў Партугаліі? Адказ, на жаль, несуцяшальны. Пасьля чарговых перамогаў лідэраў групы — чэхаў і галяндцаў, шанцы для каманды Малафеева з прывідных пераўтварыліся ў ніякія.

Зрэшты, вінаваціць супернікаў — справа марная, паколькі гульня, якую дэманструюць беларусы, цалкам адпавядае месцу ў турнірнай табліцы (пакуль гэта перадапошняе месца). Чарговае пацьверджаньне гэтаму — шэрая нічыя ў таварыскай сустрэчы зь нічым не прыкметным у футболе Узбэкістанам на сваім полі. Забіўшы два галы ў браму суперніка, беларусы потым лёгка прапусьцілі два ў свае. Таму ўсе астатнія матчы, якія заплянаваныя са зборнымі Галяндыі, Аўстрыі й Малдовы, маюць значэньне хіба толькі як магчымасьць нагуляць склад каманды на пэрспэктыву.

Гэта крыўдна, бо заўзятары сапраўды небеспадстаўна разьлічвалі на лепшыя вынікі. Я толькі нагадаю, што ў папярэднім адборачным туры да Чэмпіянату сьвету ў Японіі да Паўдзённай Карэі зборная Беларусі да апошняга захоўвала шанец на выхад у фінальную частку спаборніцтваў. Зрэшты, як кажуць, не футболам адзіным, тым больш, што напярэдадні адбыліся іншыя адметныя падзеі.

Чатыры мэдалі, прычым тры зь іх вышэйшай вартасьці, заваявалі беларусы падчас Чэмпіянату Эўропы ў настольным тэнісе ў Італіі. Мацнейшая ракетка каманды і аб’ектыўна адзін з найлепшых у Эўропе, Уладзімер Самсонаў, перамог у адзіночным разрадзе. Дзякуючы найперш Самсонаву мужчынская зборная Беларусі таксама перамагла ў камандных спаборніцтвах. Такім чынам, колькасьцю заваяваных залатых мэдалёў беларускія тэнісісты апярэдзілі аўстрыйцаў, румынаў, вугорцаў, італьянцаў і харватаў.

Парадавалі сваіх прыхільнікаў і прадстаўнікі вялікага тэнісу. У гэтыя выходныя ў матчы другога туру Эўра-афрыканскай зоны на Кубак Дэвіса тэнісісты зборнай Беларусі перамаглі каманду Зымбабвэ зь лікам 4:1. І хоць перамога была дастаткова чаканай, трэнэры непакоіліся найперш за маральны стан, бо на рахунку значылася датэрміновая пуцёўка ў кваліфікацыйны раўнд Усясьветнай групы Кубка Дэвіса. Аднак Максім Мірны, Уладзімер Валчкоў і 16-гадовы Аляксандар Скрыпко падставаў да апасеньняў не далі. Цягам гэтага тыдня будзе вядомы супернік зборнай Беларусі ў кваліфікацыйным раўндзе. Пакуль магчымы цэлы стос варыянтаў — Румынія, Галяндыя, Вялікабрытанія, Бразылія, ЗША, Бэльгія, Нямеччына альбо Чэхія.

Праз тры тыдні ў Фінляндыі распачынаецца Чэмпіянат сьвету хакею ў групе “А”. Толькі на гэтым тыдні будзе абвешчаны канчатковы склад каманды, якая накіруецца ў Фінляндыю. Дзесьці з наступнага тыдня ў менскім хакейным палацы распачнецца трэніровачны збор. Але, як стала вядома ад спартовых журналістаў, надзеі на трэніроўку ў Менску ў трэнэраў ня вельмі вялікія. Спадзяваньні найперш на тыя некалькі дзён, якія будуць у каманды напярэдадні самога чэмпіянату, паколькі шэраг хакеістаў ня здолее прыехаць у Менск (традыцыйна праблемы з трэнэрамі замежных клюбаў), але яны дададуцца да асноўнага складу толькі ў Фінляндыі.
XS
SM
MD
LG