Амэрыканскія сілы гавораць пра сваё маштабнае знаходжаньне ў ваколіцах Багдаду і ў некаторых раёнах ірацкай сталіцы. Брытанскія сілы паведамляюць пра кантроль бальшыні раёнаў паўднёвага гораду Басры – а за Басру баі ідуць ужо больш за 2 тыдні. Раніцай зьявіліся паведамленьні, што брытанскія аддзелы ўжо ў цэнтры гэтага другога па велічыні гораду Іраку і што іх моцна віталі сотні жыхароў Басры.
Што тычыцца Багдаду – паведамляецца пра захоп двух палацаў Саддама Хусэйна, бамбаваньне будынкаў, дзе могуць знаходзіцца галоўныя лідэры партыіі БААС – уплывовыя паплечнікі Хусэйна. Дзеля іх нэйтралізацыі выкарыстоўваюцца 4 ракеты са спадарожнікавым навядзеньнем.
Міністар абароны ЗША Дональд Рамсфэльд пацьвердзіў, што кааліцыйныя войскі змагаюцца ў ваколіцах Іраку – на зямлі і ў паветры. І адно з галоўных пытаньняў, якое ўзьняў амэрыканскі міністар у часе сустрэчы з журналістмі, – гэта пытаньне – дзе ірацкі лідэр?
(Рамсфэльд: ) “У той час, калі рэжым развальваецца, застаецца пытаньне: дзе ірацкі прэзыдэнт Хусэйн? Існуюць тры магчымасьці – ён мёртвы, ён паранены, ён ня хоча паказвацца. Мы можам нават ня ведаць, дзе ён, але мы ведаем дакладна, што ўсім Іракам ён ужо не кіруе”.
Тым ня менш, Рамсфэльд – міністар абароны ЗША – адзначыў, што пра канчатковую перамогу гаварыць рана, бо Ірак – вялікая краіна і запатрабуецца шмат часу. На пытаньне пра наяўнасьць хімічнай зброі каля гораду Гіндыях, што амаль за сто кілямэтраў ад Багдаду, Дональд Рамсфэльд адмовіўся камэнтаваць непацьверджаныя паведамленьні і заявіў, што Пэнтагон не займаецца спэкуляцыямі і цягам бліжэйшых дзён гэтая інфармацыя будзе правярацца.
У часе брыфінгу кіраўнік Пэнтагону закрануў і тэму пасьляваеннага кіраўніцтва Іракам – паводле Рамсфэльда, пад кантроль новага ўраду Іраку будуць аддадзеныя ўсе міністэрствы – апроч абароннага і выведнага.