Сёньня злучэньні 3-й пяхотнай дывізыі ЗША сіламі 65 танкаў і 40 БМП зрабілі рэйд у самы цэнтар ірацкай сталіцы. Яны занялі два прэзыдэнцкія палацы, будынак міністэрства інфармацыі і найбуйнейшы багдацкі гатэль “Аль-Рашыд”.
У гэты ж час на другім беразе Тыгру міністар інфармацыі Іраку Саід Аль Сахаф правёў імправізаваную прэсавую канфэрэнцыю на даху гатэля. Ён заявіў, што атака амэрыканцаў будзе адбітая і дадаў: “Яны нічога не кантралююць, нават саміх сябе. Не верце ім, захопнікі будуць зьнішчаныя”.
Тым ня менш, тэлеканалы паказалі амэрыканскія войскі, якія знаходзяцца каля ключавых аб’ектаў ірацкай сталіцы. Карэспандэнт нашага радыё Рон Сынавац паведамляе, як жыхары ірацкай сталіцы рэагавалі на амэрыканскія войскі: “Я ўпершыню ўбачыў, што іракцы вельмі дружалюбна махалі рукамі і ўсьміхаліся, у той час як іншыя сядзелі каля целаў забітых байцоў рэспубліканскай гвардыі. Яны былі ўзрадаваныя і ўпершыню я магу сказаць, што багдадцы былі шчасьлівыя і мелі сьвяточны настрой з нагоды прыходу амэрыканцаў”.
Аднак потым амэрыканскія войскі адышлі з цэнтру Багдаду. Ваенныя адмыслоўцы гавораць, што гэты рэйд, другі пасьля суботняга, быў разьлічаны не ў апошнюю чаргу на псыхалягічны эфэкт. Гэтая апэрацыя мусіць паказаць багдадцам, што ўлады хлусяць, калі гавораць, што Багдад непрыступны. Прадстаўнік саюзнага камандваньня Фрэнк Торп заявіў сёньня: “Я хацеў бы патлумачыць, што гэта чарговы баявы рэйд у Багдад. Мы мусім захоўваць вытрымку. Наперадзе – шмат жорсткіх баёў, аднак гэта чарговы крок па зьвяржэньні рэжыму”.
Варта дадаць, што амэрыканскія войскі кантралююць багдацкі аэрапорт, акрамя таго яны сьцягваюць кола акружэньня вакол ірацкай сталіцы.