Лінкі ўнівэрсальнага доступу

САДАМ ХУСЭЙН НЕ ПАКІНЕ ІРАК, НАВАТ КАЛІ АМЭРЫКАНСКІЯ ВОЙСКІ ЗОЙМУЦЬ БАГДАД

Алег Грузьдзіловіч, Менск

Палкоўнік у адстаўцы Алег Хандзюшка, які падчас арабска-ізраільскай вайны пачатку 1970-х гадоў быў дарадцам камандзіра эгіпэцкай пяхотнай брыгады, не зьдзіўляецца таму, што амэрыканскія войскі ўжо ўвайшлі ў Багдад, а супраціў іракцаў аказаўся слабейшым, чым прагназавалі кіраўнікі Іраку. Алег Хандзюшка тлумачыць гэта нацыянальнымі асаблівасьцямі арабаў:

(Хандзюшка: ) “У іх зусім іншы мэнталітэт, калі параўнаць зь беларусамі, рускімі ці з народамі Заходняй Эўропы. Выглядаюць яны даволі ваяўніча, але калі даходзіць да справы, то часта такая ваяўнічасьць зьнікае. Трэба ісьці ў атаку ці абараняцца, а яны садзяцца і пачынаюць маліцца”.

Як вельмі слабых вызначае Алег Хандзюшка эгіпэцкіх лётчыкаў 1970-х гадоў і не выключае, што гэтак сама падрыхтаваныя цяперашнія ірацкія лётчыкі.

(Хандзюшка: ) “Мінула больш за два тыдні баёў, а мы гэтак і ня ўбачылі ў справе ні ірацкіх лётчыкаў, ні супрацьпаветранай абароны. Я магу патлумачыць гэта ня толькі ўдалымі дзеяньнямі праціўніка, але і бездапаможнасьцю іракцаў. Тэхніка старая ды ўся замежная, а адмыслоўцаў няма. Вось паказалі, што знайшлі склад францускіх ракет, але чаму імі не стралялі? Відаць, тое самае і з савецкімі сыстэмамі “Град” — яны ў іракцаў ёсьць, але ўпраўляцца зь імі ня могуць”.

На пытаньне, ці ня стане Ірак для амэрыканцаў як Чачэнія для расейскай арміі, экспэрт адзначыў, што амэрыканскія танкі вольна езьдзяць па вуліцах Багдаду і супраць іх не выкарыстоўваюць бутэлькі з бэнзынам для падпальваньня — славуты “кактэйль Молатава”. Паводле Алега Хандзюшкі, працяглай партызанскай вайны ў Іраку ня будзе, ужо пачалася палітычная агонія, а хутка, каб захаваць жыцьці, здадуцца і вайскоўцы.

Меркаваньні Алега Хандзюшкі збольшага падтрымлівае падпалкоўнік Мікалай Шышкін, які пры канцы 1960-х быў вайсковым дарадцам у Сырыі.

(Шышкін: ) “Як ударылі ізраільцы, яны ўсё пакідалі, нават абутак паскідалі і пабеглі. Потым тлумачылі, што іх Бог у абутку да сябе ня пусьціць”.

Мікалай Шышкін згадаў, як сырыйскія салдаты адрэагавалі на наступ ізраільсіх войскаў. Паводле яго, агульны супраціў іракцаў больш моцны, але ўсё роўна, хутка яны пачнуць масава здавацца. Былы вайсковы дарадца Мікалай Шышкін таксама ня думае, што ў Іраку пачнецца партызанская вайна. Ягоны галоўны аргумэнт: ва ўмовах пустэльні партызанка немагчымая, а горы на поўначы Іраку кантралююцца шыітамі ды курдамі, для якіх Садам Хусэйн таксама вораг.

А вось былы вайсковы лётчык Мікалай Калінін, які пабываў у Эгіпце, перакананы ў адваротным — што хаўрусьнікаў чакае зацяглая партызанская барацьба іракцаў, якую Садам Хусэйн будзе каардынаваць з падземнага сховішча.

(Калінін: ) “Нават калі амэрыканцы паднімуць сьцяг над прэзыдэнцкім палацам, вайна ня скончыцца, а наадварот, толькі пачнецца. Іраку будуць дапамагаць арабскія краіны, і баявы настрой іракцаў нельга вызначаць паводле досьведу іншых арабскіх войнаў — Ірак іншы”.

Асабіста Мікалай Калінін перакананы, што Садам Хусэйн яшчэ здольны на нечаканасьці. Сам былы ваенны лётчык, сп. Калінін мяркуе, што арабы могуць быць нядрэннымі лётчыкамі, пра што сьведчаць падзеі верасьня 2001 году.
XS
SM
MD
LG