На рэклямным плякаце беларуска-амэрыканскага сымпозіюму зьмешчаны вялікі партрэт арганізатара форуму з амэрыканскага боку — Джоша Макдаўэла. Яго прадстаўляюць тут і як прэзыдэнта фірмы “Джош Макдаўэл і партнэры” з Даласу, і як “міжнароднага прамоўцу і грамадзкага дзеяча, аўтара 75 бэстсэлераў”. Ягоныя кнігі друкаваліся яшчэ ў СССР накладам 16 мільёнаў асобнікаў. Ён таксама займаўся арганізацыяй гуманітарнай дапамогі. Сам спадар Макдаўэл заявіў, што мэта сустрэчы — асабіста пазнаёміцца з сытуацыяй у Беларусі і магчымасьцямі ўваходжаньня амэрыканскага капіталу на яе рынак.
Асноўнымі дакладчыкамі з амэрыканскага боку на сымпозіюме былі Дон Колінз, былы фінансавы дырэктар фірмы “Dell Computers”, Даг Уільямсан — былы віцэ-прэзыдэнт “Bank of America”, Тэры Прындывіл — былы віцэ-прэзыдэнт фірмы “J.C. Penney”. Акрамя іх прысутнічалі яшчэ некалькі былых супрацоўнікаў буйных фірмаў ды каля дзясятка дзейных прадстаўнікоў іншых, пераважна дробных кампаніяў, з колькасьцю працаўнікоў ад 2 да 250 чалавек.
У амбасадзе ЗША ў Менску Свабодзе зазначылі, што ніякага дачыненьня да арганізацыі гэтага бізнэс-сымпозіюму ня маюць, як і да спадара Макдаўэла. Гаворыць прадстаўнік амабасады Аляксей Саламаха:
(Саламаха: ) “Гэтае мерапрыемства без пасольства робіцца, бяз нас. Мы ня маем дачыненьня”.
Беларуская частка ўдзельнікаў сыпозіюму большая, каля двухсот чалавек, але таксама ня вельмі прадстаўнічая. Ад урадавых структураў былі заяўленыя толькі прэзыдэнт Гандлёва-прамысловай палаты ды кіраўнікі дэпартамэнтаў Мінэканомікі і МЗС. Яны і распавялі амэрыканцам пра эканамічную палітыку Беларусі і ўмовы прыцягненьня замежных інвэстыцыяў.
Паводле аднаго з удзельнікаў сымпозіюму Анатоля Красуцкага, перш за ўсё беларускі бок жадаў пазнаёміць прадстаўнікоў амэрыканскага бізнэсу з інвэстыцыйнымі праектамі ў Беларусі, інвэстыцыйным кліматам і заканадаўствам.
(Красуцкі: ) “Прадстаўнікі беларускіх дзелавых колаў, якія прысутнічаюць на сымпозіюме, натуральна, прапанавалі канкрэтныя інвэстыцыйныя праекты амэрыканскім партнэрам. І я думаю, што яны зробяцца прадметам вывучэньня. Наколькі далёка пойдзе рэалізацыя гэтых праектаў, зараз цяжка сказаць, хаця я думаю, што гэта ў цэлым дастаткова праблематычна”.
Паводле інфармацыі эканаміста, намесьніка старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслава Раманчука, гэты сымпозіюм арганізаваны з дапамогай расейскіх алігархаў, у прыватнасьці, кіраўніка “Ітэры” Сяргея Макарава, які здольны прыцягнуць прадстаўнікоў амэрыканскіх кампаніяў, у якіх ёсьць расейскі капітал.
(Раманчук: ) “Калі папрасілі спадара Макарава паправіць інвэстыцыйны імідж Беларусі, той адказаў, што можа арганізаваць прыезд амэрыканскіх бізнэсоўцаў, і гэта, маўляў, будзе выглядаць уплывова і салідна, і гэтыя людзі потым могуць сказаць, што ў Беларусі можна добра рабіць бізнэс. Але калі ў Кангрэсе ЗША абмяркоўваюць “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі”, калі амэрыканцы вельмі жорстка ставяцца да таго, што тут адбываецца, то мова можа ісьці пра вельмі дробныя інвэстыцыі спэкулятыўнага капіталу. Сур’ёзны бізнэс праз Гандлёва-прамысловую палату, праз адміністрацыю, празь нейкія іншыя лабісцкія структуры сюды ня можа ісьці”.
На думку спадара Раманчука, значнага эканамічнага плёну ад такога бізнэс-сымпозіюму чакаць не даводзіцца.