Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АКТЫВІСТЫ МАЛАДОГА ФРОНТУ І БЕЛАРУСКАЙ ПАРТЫІ СВАБОДЫ РАСПАЧАЛІ ДЗЁННАЕ ПАТРУЛЯВАНЬНЕ КУРАПАТАЎ


Ганна Соусь, Менск

Пачалося дзённае патруляваньне Курапатаў. Як паведаміў Радыё Свабода лідэр Беларускай партыі свабоды Сяржук Высоцкі, ад мінулых выходных актывісты партыі будуць рэгулярна наведваць Курапаты.

(Высоцкі: ) “Беларуская партыя свабоды разам з Маладым Фронтам аднаўляе патруляваньне ва ўрочышчы Курапаты. І ўжо ўчора, як паведаміў Васіль Парфянкоў, непасрэдны ўдзельнік аднаго з патрулёў, убачыў новыя будаўнічыя матэрыялы, будаўнічыя блёкі ўжо значна бліжэй да Курапатаў. Тактыка ўладаў, з нашага пункту гледжаньня, відавочная: хуценька збудаваць фазэндзікі для сваіх намэнклятурных камэрсантаў ды зрабіць чарговы ўдар па Курапатах. Гэтая прылеглая тэрыторыя — месца для будучага мэмарыяльнага комплексу ахвярам расейска-камуністычнага таталітарызму”.

Сёньня ва ўрочышчы патрулявалі актывісты Маладога Фронту. Працягвае Павал Севярынец:

(Севярынец: ) “Два чалавекі кожны дзень будуць наведвацца ў Курапаты і глядзець, як там абстаноўка. Гэта будзе пакуль раз на дзень. Цяпер там тэмп не такі, што патрабуе кругласутачнага патруляваньня, таму гэта будзе адбывацца ўвечары, гадзіне а чацьвертай-пятай”.

Навуковая кіраўніца Курапацкага мэмарыялу Мая Кляшторная сёньня зьвярнулася да прадпрыемства “Магістральаўтадор”, каб будаўнікі выканалі дадзеныя раней абяцаньні — скончылі ўпарадкаваньне прылеглай да дарогі тэрыторыі ў Курапатах і нарэшце вырашылі пытаньне са сьцёкавай трубой.

(Кляшторная: ) “Летась Дэпартамэнт аховы гісторыка-культурнай спадчыны й рэстаўрацыі ўзгодніў праект, дзе была прынятая мая прапанова не пускаць ваду ў лес і дзеля гэтага зрабіць перад выпускам ля вусьця трубы сажалку-выпарвальнік з боку гораду. Каб не падмывала дарогу, робяцца сажалкі, і яны накопліваюць у сабе дажджавыя й прыродныя сьцёкі. Будаўнікі абяцалі зрабіць трубу так канструктыўна, каб з гэтай сажалкі вада ўвогуле не ішла на Курапацкі лес, на магілы”.

Свой намер выканаць абяцаньні пацьвердзіў сёньня для Радыё Свабода намесьнік генэральнага дырэктара “Магістральаўтадору” Сяргей Ісакаў:

(Ісакаў: ) “Зараз чакаем, пакуль сьнег сыдзе, бачыце, якое надвор’е. Усе незавершаныя там працы мы закончым”.
XS
SM
MD
LG