Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УСЯСЬВЕТНАЯ ПРЭСА ПРА ВАЙНУ Ў ІРАКУ

Аляксей Знаткевiч, Прага

Паводле “Times”, калi ў гэтым сюжэце здымаўся двайнiк Хусэйна, дык ён сыграў сваю ролю бездакорна. Газэта пiша, што заходнiя аналiтыкi будуць пiльна вывучаць гэты вiдэазапiс, спрабуючы высьветлiць, цi сапраўдны гэта Садам Хусэйн. Але паводле “Times”, адна рэч зрабiлася вiдавочнай. На вiдэазапiсах Садама, што паказвала iрацкае тэлебачаньне з пачатку вайны, было прынамсi два чалавекi. Садам, якi зьявiўся ва ўчорашнiм сюжэце, выглядаў вельмi спартовым i ня меў набракласьцяў пад вачыма, у адрозьненьне ад Садама, якi зачытваў тэлезварот на пачатку вайны. “Times” таксама пiша, што вусы Садама на розных вiдэазапiсах былi сiвыя, потым чорныя, а потым зноўку сiвыя. Да таго ж, на адным запiсе Садам павольна чытаў у акулярах, а на iншым значна хутчэй без акуляраў. Калi ўчорашнi сюжэт – гэта запiс сапраўднага Садама, пiша “Times”, дык гэта ягонае першая зьяўленьне на публiцы за два гады.

Амэрыканская газэта “The Washington Post” пiша, што вайна ў Іраку значна падняла папулярнасьць мусульманскiх партыяў у Пакiстане. Газэта зазначае, што нават многiя пакiстанцы сьвецкiх перакананьняў цяпер гатовыя галасаваць за рэлiгiйныя партыi, якiя жорстка адназначна асудзiлi напад на Ірак. Сьвецкiя партыi Пакiстану былi больш асьцярожныя ў сваiх ацэнках вайны, пiша “The Washington Post”.

Брытанскi штодзёньнiк “Financial Times” пiша пра спаборнiцтва памiж рознымi групоўкамi iрацкай апазыцыi ў выгнаньнi за права ўдзельнiчаць у будучым ўрадзе Іраку пасьля вайны. Паводле “Financial Times”, iрацкая апазыцыя адначасова змагаецца за ўплыў у Іраку i ў Вашынгтоне.

Лiбанскi тэлеканал аль-Манар перадаў iнтэрвiю з адным зь лiдэраў лiбанскай групоўкi Хезбалаг, Шэйхам Мухамадам Язьбiкам. Той скрытыкаваў амбасадара ЗША ў Лiбане, якi раней нiбыта выступаў супраць паказу iрацкiх мiрных ахвяраў на лiбанскiм тэлебачаньнi.

Лёнданская арабская газэта “Аль-Хайят” пiша, што шыiцкi рэлiгiйны лiдэр Абд-аль-Маджыд пацьвердзiў iнфармацыю аб тым, што галоўны лiдэр iрацкiх шыiтаў аль-Сiстанi заклiкаў шыiтаў заставацца нэўтральнымi падчас цяперашняй вайны.
XS
SM
MD
LG