Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НОВЫ ІРАЦКІ ЎРАД МОЖА ЗЬЯВІЦЦА ПРАЗ ПАЎГОДУ ПАСЬЛЯ ВАЙНЫ

Вольга Караткевіч, Прага

Намесьнік міністра абароны ЗША Пол Вольфавіц ў інтэрвію тэлекампаніі NBC заявіў, што мэта Амэрыкі – вырашыць праблему кіраўніцтва Іраку як мага хутчэй. Аднак Вольфавіц падкрэсьліў, што гэта не павінна адбывацца так хутка, як было пасьля вайны ў Пэрсыдзкай затоцы ў 1991 годзе, калі курды ўсталёўвалі сваю ўласную адміністрацыю на поўначы Іраку. Пол Вольфавіц заявіў, што вырашэньне праблемы можа зацягнуцца на 6 месяцаў і дадаў, што праблема гэтая – вельмі складаная:

(Вольфавіц: ) “Мэта – не імгненна ўсталяваць урад у Іраку. Мэта –набліжацца да гэтага як мага хутчэй пасьля таго, як сыдзе рэжым, рухацца да кіраўніцтва, якое б па-сапраўднаму прадстаўляла ірацкі народ. Мы гаварылі з іракцамі ў самім Іраку і за яго межамі пра тое, якім мог бы быць пераход ад першапачатковай адміністрацыі да канчатковай, якая б кіравалася інтарэсамі народу Іраку. Разьвязаньне гэтай праблемы патрабуе часу. Але, калі б мы здолелі ўсталяваць часовую ўладу, было б бачна, як рухацца далей...”

Адзін з уплывовых амэрыканскіх сэнатараў Джозэф Байдэн у інтэрвію іншай амэрыканскай тэлепраграме – ABC – выказаў перакананьне, што ў ірацкай адміністрацыі будуць дамінаваць эмігранты з Іраку, якія былі ў апазыцыі Садаму апошнія 12 гадоў. Байдэн зьяўляецца намесьнікам старшыні камітэту замежных справаў Сэнату ЗША.

Паводле яго, галоўную ролю ў новым урадзе Іраку будзе адыгрываць апазыцыйны Ірацкі нацыянальны кангрэс, кіраваны шыіцкім бізнэсоўцам Ахмадам Чалабі. Сэнатар спаслаўся на крыніцы ў адміністрацыі Джорджа Буша, але не паведаміў, хто з дарадцаў Буша падтрымлівае кіруючую ролі групоўкі Чалабі. Аднак Вольфавіц называецца сярод іх.

Сэнатар Джозэф Байдэн таксама сказаў, што ўхваляе ролю ААН і НАТО ў адбудове Іраку і што ЗША і Вялікая Брытанія не павінныя несьці галоўную эканамічную ды іншую адказнасьць ва ўтрыманьні міру ў Іраку і ў аказаньні гуманітарнай дапамогі 20-мільённай краіне.

Варта сказаць пра некаторыя разыходжаньні ў падыходзе ЗША і Вялікай Брытаніі адносна ролі ААН у фармаваньні новага ўраду Іраку. Адміністрацыя амэрыканскага прэзыдэнта выказваецца за тое, каб роля Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў была абмежаваная перадусім гуманітарнымі пытаньнямі, а не ўсталяваньнем ірацкай улады. У той час як прэм’ер Брытаніі Тоні Блэр выказаўся за значны ўдзел ААН у вырашэньні палітычнага лёсу Іраку. Сёньня кіраўнікі Брытаніі і ЗША плянуюць абмеркаваць пытаньне пасьлясадамаўскага кіраўніцтва ў Іраку.
XS
SM
MD
LG