У Менску было вельмі дрэннае надвор’е — ішоў мокры сьнег. Але актывісты АГП з партрэтамі Генадзя Карпенкі ў руках гадзіну моўчкі стаялі на Кастрычніцкай плошчы Менску.
(Лябедзька: ) “Чатыры гады няма з намі Генадзя Карпенкі. І мы, на жаль няшмат можам зрабіць у гэты дзень. Мы можам прыйсьці, незалежна ад таго сонца ці сьнег, на яго магілу, пакласьці кветкі й устаць у “Ланцуг неабыякавых людзей” з партрэтамі Генадзя Дзьмітрыевіча, а таксама тых каго няма побач з намі. Мы проста чакаем, што сюды прыйдуць людзі, які ведалі Генадзя Дзьмітрыевіча, якія яго шанавалі, і для якіх нават пасьля чатырох гадоў з дня сьмерці гэты чалавек мае вялікі аўтарытэт. Якія гавораць: “Вельмі шкада, што яго няма разам з намі”, — паведаміў Анатоль Лябедзька.
Сярод удзельнікаў ланцуга быў брат Генадзя Карпенкі Аляксандар, які распавёў, што некалькі дзён таму двое невядомых напалі на яго. Прычым нападнікі не спрабавалі яго абрабаваць. Аляксандар Карпенка перакананы, што прычынай нападу сталі ягоныя спробы высьветліць акалічнасьці сьмерці брата.
Некаторыя ўдзельнікі акцыі раздавалі мінакам улёткі з інфармацыяй пра Генадзя Карпенку. Дваіх актывістаў — Сяргея Лапусту і Андрэя Козела — затрымалі міліцыянты. Іх пратрымалі паўгадзіны ў пастарунку, канфіскавалі ўлёткі, а пасьля адпусьцілі. Больш міліцыя ўдзельнікам ланцуга не перашкаджала.
Маці Генадзя Карпенкі, а таксама калегі па партыі й Вярхоўным Савеце ўсклалі кветкі на ягоную магілу на Ўсходніх могілках.