Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У СПЭЦПРЫЁМНІКУ ЗАСТАЛОСЯ ПЯЦЬ ПАЛІТВЯЗЬНЯЎ


Любоў Лунёва, Менск

У камэрах спэцпрыёмніка ўтрымліваюць арыштаваных на 15 сутак за сьвяткаваньне Дня Волі Вячаслава Сіўчыка, Зьмітра Філіповіча, Яўгена Афнагеля і Ўладзімера Кішкурну.

Днямі на 10 сутак у жаночую камэру трапіла сяброўка моладзевага руху “Зубр” Любоў Кучынская. Гэта другі выпадак, пасьля Людмілы Гразновай, калі жанчыну ўтрымліваюць за кратамі за ўдзел у вулічнай акцыі. Любоў арыштавалі за ўдзел у пікеце ля амэрыканскай амбасады.

Раней там праходзілі пікеты супраць ваеннай палітыкі ЗША ў Іраку. Пікетоўцаў затрымлівалі, а потым адпускалі без складаньня пратаколаў. 3 красавіка пікет прайшоў пад лёзунгамі падтрымкі палітыкі ЗША і патрабаваньнем пакончыць з тыраніяй. Менавіта такі пікет меў судовыя наступствы — на 10 сутак арыштавалі 18-гадовую Любоў Кучынскую.

Зьмітру Філіповічу і Вячаславу Сіўчыку засталося сядзець двое сутак. Маці Вячаслава Сіўчыка непакоіцца за стан здароўя свайго сына:

(Сіўчык: ) “Гэта і так ужо адзінаццатая ягоная “адседка”. Стан здароўя таксама вельмі кепскі. Самае галоўнае, што ў нас няма зь ім сувязі. Ведаю, што трымалі ў вельмі благіх умовах. Іх было дзевяць чалавек у камэры, разьлічанай на пяцёх. Павал Знавец казаў, што там знайшлі вошай. Гэта мяне палохае. Каб у ХХI стагодзьдзі былі такія ўмовы! Гэта дзікунства нейкае! Гэта жудасна! Але мы ўсё роўна чакаем, любім. Спадзяемся, што ён вытрывае. Разам зь ім мы праходзім гэтую школу вытрымкі. Цяжкую школу…”

Адміністрацыя спэцпрыёмніка адмаўляецца распавядаць пра ўмовы ўтрыманьня палітзьняволеных. Інфармацыю можна атрымаць ад тых, хто ўжо выйшаў на волю. Усе кажуць, што ў камэрах халодна і задушнае паветра. У камэрах цесна, брудна, няма душу, усе скардзяцца на антысанітарыю. Харчаваньне таксама даволі беднае. Палітвязьні атрымліваюць харчовыя і рэчавыя перадачы, астатнім арыштаваным значна горш.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG