Амбасадар Злучаных Штатаў Амэрыкі Майкл Козак раніцай наведаўся ў рэдакцыю баранавіцкай незалежнай газэты “Інтэкс-прэс”. Як вядома, менавіта тут працуе кур’ерам Віктар Івашкевіч, асуджаны на два гады абмежаваньня волі. Мэту свайго візыту спадар Козак патлумачыў гэтак:
(Козак: ) “Сёньня мы прыехалі ў Баранавічы, у “Інтэкс-прэс”, каб, у прыватнасьці, сустрэцца са спадаром Івашкевічам. Мы ведаем яго вельмі добра з таго часу, калі ён працаваў у Менску. Таму перш за ўсё мы хацелі зь ім сустрэцца, як з нашым старым сябрам, але разам з тым і выказаць нашу занепакоенасьць сытуацыяй зь незалежнай прэсай у краіне. Гэта частка нашай агульнай палітыкі, мы імкнемся абараніць дэмакратыю, грамадзянскую супольнасць і, вядома ж, незалежную прэсу ў Беларусі”.
Падчас сустрэчы спадара Козака зь Віктарам Івашкевічам і супрацоўнікамі выдавецкага дому “Інтэкс-прэс” абмяркоўвалася і становішча зь незалежнай прэсай у Баранавічах, сытуацыя з правамі чалавека ў рэгіёне, вайна ў Іраку.
За тыя больш як тры месяцы, што Віктар Івашкевіч знаходзіцца ў на баранавіцкай “хіміі”, яго наведала шмат журналістаў — замежных і беларускіх, прыяжджалі й прадстаўнікі дыпляматычных місіяў, аднак госьць такога высокага рангу завітаў упершыню. Таму спадар Івашкевіч быў вельмі ўдзячны амбасадару Козаку за такую ўвагу:
(Івашкевіч: ) “Я вельмі ўдзячны, што такая ўвага ёсьць да мяне, і разумею, што гэта падтрымка ўсім нашым незалежным журналістам, бо ў сёньняшніх умовах на маім месцы можа апынуцца кожны. Гэтая міжнародная салідарнасьць ёсьць галоўнае, што нас падтрымлівае”.
Адметна, што як толькі да Віктара Івашкевіча хтосьці прыяжджае, у рэдакцыю газэты “Інтэкс-прэс” кожны раз наведваюцца прадстаўнікі вэртыкалі. Сёньняшні выпадак ня стаў выключэньнем: супрацоўніца аддзелу інфармацыі Баранавіцкага гарвыканкаму наўмысна зайшла, каб нібыта запрасіць рэдакцыю на мерапрыемства, прысьвечанае Дню здароўя.