Ужо праз год у Расеі пачнуць фармаваць вайсковыя часткі добраахвотнікаў з краінаў СНД, у тым ліку беларусаў. Расейцы зьбіраюцца завабіць іх у кантратнікі льготамі ў атрыманьні расейскага грамадзянства. Пра падрабязнасьці гэтых плянаў распавёў сёньня на брыфінгу ў Менску расейскі міністар абароны Сяргей Іваноў, які праводзіў сумесную нараду з кіраўніцтвам беларускага войска.
(Іваноў: ) “Сапраўды, мы пачынаем з 2004 году працэс камплектаваньня асобных вайсковых частак добраахвотнікамі, якія будуць служыць па кантракце, і гэта тычыцца ня толькі грамадзянаў Расеі, але і грамадзянаў краінаў СНД”.
Паводле яго, такія часткі добраахвотнікаў патрэбныя таму, што для абароны Расеі не хапае расейцаў. Магчыма, каб вырашыць і дэмаграфічную праблему, добраахвотнікі будуць служыць ня толькі за грашовую ўзнагароду, але і за права ўжо праз тры гады атрымаць расейскае грамадзянства. Цяперашні парадак прадугледжвае магчымасьць атрымаць расейскае грамадзянства не раней за пяць гадоў пасьля падачы адпаведнай заявы.
Сяргей Іваноў таксама пацьвердзіў, што часткі добраахвотнікаў будуць служыць па ўсёй Расеі, гэта значыць і ў гарачых кропках, і што яны будуць фармавацца ня толькі ў войску, але і ў іншых “складніках вайсковай арганізацыі краіны”. Прыкладам, у памежных частках ці на флёце.
Паводле расейскага міністра абароны, ёсьць толькі дзьве ўмовы заключэньня кантракту з грамадзянінам краіны СНД: гэта ягонае асабістае жаданьне і тое, ці падыходзіць такі чалавек для службы ў Расеі. Што да адпаведнасьці гэтай практыкі заканадаўству краінаў СНД, то, паводле Сяргея Іванова, гэтыя пытаньні яшчэ не распрацаваныя.
(Іваноў: ) “Над гэтым цяпер працуюць юрысты, але я магу вас запэўніць, што цяпер у Расеі знаходзяцца мільёны грамадзянаў СНД, якія не праходзілі тэрміновую службу ў сваіх краінах”.
Ён лічыць, што такіх будучых добраахвотнікаў ні ў якім разе нельга будзе лічыць “салдатамі замежнага легіёну”.
Між тым, беларускае заканадаўства не прадугледжвае ні прымусовай, ні добраахвотнай службы грамадзянаў за межамі краіны. Як патлумачылі мне ў Міністэрстве абароны Беларусі, грамадзянін, які будзе служыць у замежнай вайсковай частцы, не вызваляецца ад тэрміновай службы, і за ўхіленьне ад яе будзе перасьледавацца паводле закону. Нават калі ён атрымае замежнае грамадзянства, у тым ліку і расейскае.