ТБМ выказвае нязгоду з распрацоўшчыкамі, якія сваімі прапановамі, на думку таварыства, уносяць блытаніну ў і без таго зьнявечаныя рашэньнямі 1933 году правілы беларускае мовы. Цяперашні праект зьменаў правапісу не закранае і не вырашае ніводнага спрэчнага пытаньня, цалкам ігнаруючы нормы клясычнага правапісу. Ягонае вяртаньне застаецца самым надзённым пытаньнем, лічыць ТБМ.
Сваю пазыцыю адносна прапанаваных зьменаў ТБМ выказаў у адмыслова прынятай 3 красавіка заяве. Раней такую заяву прыняла рада Саюзу пісьменьнікаў. Нязгоду з прапановамі групы Падлужнага выказалі і ўдзельнікі круглага стала, які адбыўся ў Саюзе пісьменьнікаў. З пратэстам супраць прапанаваных зьменаў выступілі ўдзельнікі Ўсебеларускага сходу інтэлігенцыі. Рэакцыі распрацоўшчыкаў на гэтыя пратэсты пакуль што няма, і праект зьменаў правапісу рыхтуецца да зацьверджаньня ўрадам краіны.