Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“НЯХАЙ БЫ СЫТЫЯ ЭЎРАПЕЙСКІЯ ПАЦЫФІСТЫ ПАЖЫЛІ ПРЫ ДЫКТАТУРЫ ХУСЭЙНА”


Валянцін Жданко, Менск

Тэма вайны ў Іраку — асноўная ў пошце апошніх двух тыдняў. Агляд пачну зь ліста нашага сталага слухача зь Менску Віталя Міхальшына. Да вайны ў спадара Міхальшына вельмі эмацыйнае стаўленьне.

“Вось і выявілася сапраўдная сутнасьць амэрыканскіх імпэрыялістаў: дзеля нафтадаляраў яны не шкадуюць нікога — ні ірацкіх дзяцей, ні сваіх салдатаў. На мірныя ірацкія гарады і вёскі абрынуліся амэрыканскія бомбы. Ірацкія людзі ўсе як адзін падняліся на барацьбу з захопнікамі, за свабоду і незалежнасьць сваёй радзімы, за свайго правадыра Садама Хусэйна, які мудра кіраваў мірнай краінай і дасьць належны адпор агрэсару. Захопнікі ніколі не перамогуць вялікі народ, якую б злосную хлусьню ні распаўсюджвала пра гэтую вайну вашае радыё”, — напісаў Віталь Міхальшын зь Менску.

Не выпадае спрачацца, спадар Міхальшын, з тым, што вайна нясе шмат пакутаў усім, каго зачапіла — у тым ліку, на жаль, і невінаватым ахвярам. Беларусы гэта ведаюць лепш за іншых. Але якую “свабоду” мелі ірацкія грамадзяне пры ўладзе Садама Хусэйна, якое мірнае жыцьцё забясьпечваў ім дыктатар, пры якім Ірак вёў няспынныя войны — то з Іранам, то з Кувэйтам, то з курдамі ва ўласнай краіне?

Іншы погляд на гэтую вайну ў нашага сталага слухача зь Менску
Адама Добрына:

“Арміі ЗША і Вялікабрытаніі вядуць цяжкі наступ на бесчалавечны рэжым Садама Хусэйна. Дыктатары ўсяго сьвету разумеюць толькі сілу. Таму так перапужаўся беларускі кіраўнік ды распачаў сапраўдную антыамэрыканскую гістэрыю. Але ня там шукае ворагаў Лукашэнка: ягоную палітычную кар’еру спыняць не амэрыканскія спэцназаўцы, а крамлёўскія “сябры”.

Лукашэнка выступіў супраць ЗША як заўсёдны апанэнт дэмакратычных каштоўнасьцяў. А вось чаму заходнія краіны не стварылі моцную антыірацкую кааліцыю — зразумець нялёгка. Сытыя і добра апранутыя пацыфісты маршыруюць па гарадах Эўропы і Амэрыкі. Можна параіць ім паспытаць хоць бы кароткі час на сабе ірацкай дыктатуры. Галеча, страх, бяспраўе — кожны час і кожны дзень — хутка зрабілі б зь іх амэрыканскіх патрыётаў.

Відавочна, што насьпела неабходнасьць паўторнай “калянізацыі” адсталых краінаў, — піша Адам Добрын зь Менску. — Афганістану ўжо выпала шчасьлівая магчымасьць будаваць заможнае жыцьцё. Сёньня калянізацыя неабходная для прывіцьця заходніх стандартаў эканамічнай дзейнасьці й палітычнай сыстэмы. Амэрыканская паваенная акупацыя Японіі і Нямеччыны вывелі іх у лік самых перадавых краінаў сьвету. Беларускі народ таксама мае пільную патрэбу ў амэрыканскай дапамозе — ня толькі дзеля эканамічнага росту, але і дзеля захаваньня дзяржаўнай незалежнасьці ды нацыянальных каштоўнасьцяў”.

Вашая ідэя пра новую калянізацыю краінаў трэцяга сьвету выглядае спрэчнай, спадар Добрын. Відавочна, што дзясяткі краінаў Азіі і Афрыкі знаходзяцца на такой ступені эканамічнага ды сацыяльнага разьвіцьця, калі не даводзіцца гаварыць пра іхную блізкую пэрспэктыву дэмакратыі ды дабрабыту паводле заходніх стандартаў. І ніякі ўвод войскаў тут не дапаможа. (Ваш прыклад з паваеннымі Нямеччынай ды Японіяй яўна некарэктны — гэтыя краіны да вайны мелі высокі ўзровень эканомікі.)

Ды і ня будзе заходні сьвет плаціць такую высокую цану (жыцьцямі ўласных грамадзянаў) дзеля навязваньня ўласных каштоўнасьцяў іншым цывілізацыям. Іншая рэч, калі дыктатарскі рэжым пачынае ўяўляць рэальную небясьпеку для міжнароднай супольнасьці, для сваіх суседзяў (як у выпадку з Іракам), зь ягонай агрэсіўнай зьнешняй палітыкай і зброяй масавага зьнішчэньня.

Ліст ад Уладзіслава Міцкевіча з Браслава. Слухач піша:

“Аналізуючы лісты на Свабоду, я зразумеў, што ў многіх слухачоў узьнікла адмоўнае стаўленьне да апазыцыі. Нічога дзіўнага ў гэтым няма. Што гэта за апазыцыя, калі яна просіць у рэжыму дазволу для правядзеньня акцыі пад назвай “За лепшае жыцьцё”?

А ўдзел у так званых мясцовых выбарах? Ня дзіва, што ўлада прапусьціла ў дэпутаты некалькі чалавек з гэткай апазыцыі, дзеля ўласнага іміджу ў вачох міжнароднай супольнасьці. Але мне цікава, што яны будуць там рабіць? Ці не ператворацца ў “хлопчыкаў для біцьця”?

Трэба цьвёрда памятаць, што гэты рэжым праз так званыя “выбары” ўладу ніколі ня здасьць. Майце гэта на ўвазе і вы, спадар Жданко. Таму, па-першае, трэба любымі шляхамі спачатку ліквідаваць рэжым (ці запатрабаваць ягонай адстаўкі). А ўжо потым аб’явіць выбары пад міжнародным пратэктаратам (вядома ж, з кандыдатам зь беларускай ідэяй — скажам, такім, як Зянон Пазьняк, які стаяў пры калысцы нашага Адраджэньня).

Кожны раз, слухаючы альбо чытаючы падобныя высновы, спадар Міцкевіч, у мяне ўзьнікаюць пытаньні наконт таго, наколькі адэкватна ўспрымаеце вы, іхныя аўтары, беларускую рэальнасьць. Вось вы заклікаеце не прасіць ва ўладаў ніякіх дазволаў на маніфэстацыі, а ісьці і, як вы пішаце, “любымі шляхамі ліквідоўваць рэжым”. Але колькі людзей прыслухаюцца да гэтых заклікаў і выйдуць на забароненую акцыю? На сакавіцкія мітынгі і шэсьці ў Менску выходзілі ад некалькіх соцень да некалькіх тысячаў чалавек. І ўсе іхныя арганізатары апынуліся ў няволі.

На масавасьць падобных выступаў у сёньняшніх умовах не даводзіцца разьлічваць. Многія людзі запалоханыя (і страх гэты, заўважым, зусім не беспадстаўны). А многія проста ня вераць у эфэктыўнасьць такіх выступаў, зважаючы на амаль дзесяцігадовы досьвед падобнай бясплённай барацьбы апазыцыі.

Зрэшты, ёсьць і іншыя меркаваньні адносна таго, чаму на вуліцы пад сьцягі апазыцыі выходзіць так мала людзей. Вось які ліст на гэтую тэму даслаў наш сталы слухач Мікалай Лясовіч зь Менску. Ён піша:

“Шаноўны спадар Валянцін, чаму, неаднаразова распавядаючы пра падрыхтоўку да акцыяў апазыцыі, Беларуская Свабода не паведамляе пра месца і час збору ўдзельнікаў, і тым самым спрыяе зьмяншэньню колькасьці маніфэстантаў? Гэта чыёсьці ўпушчэньне, ці злы намер?

З гутарак са сваімі знаёмымі я пераканаўся, што галоўнымі прычынамі ня вельмі высокай масавасьці акцыяў апазыцыі ёсьць наступныя: неінфармаванасьць; страх перад магчымымі рэпрэсіямі; неразуменьне важнасьці масавых акцыяў. Значэньне гэтых акцыяў у тым, што яны выкрываюць міт пра нібыта “ўсенародную падтрымку” дыктатуры, міт пра адсутнасьць сур’ёзнай апазыцыі”.

Нядаўна, спадар Лясовіч, мне ўжо даводзілася адказваць на падобныя папрокі на адрас Свабоды — за тое, што яна, маўляў, зламысна ня заклікае людзей на вуліцу. Мушу нагадаць: Радыё Свабода не абслугоўвае якія б то ні было палітычныя партыі й плыні, у тым ліку апазыцыйныя. Свабода таксама не распаўсюджвае матэрыялы, якія могуць быць вытлумачаныя як падбухторваньне ці падахвочваньне да гвалтоўных дзеяньняў. Тое, што на маніфэстацыі выйшла мала людзей — праблема арганізатараў гэтых маніфэстацыяў, а не праблема Радыё Свабода.

На заканчэньне — ліст ад Алега Раманкевіча з Воршы. Ён піша:

“Цяпер я працую на заводзе “Чырвоны Барацьбіт”, жонка працуе ў стаматалягічнай паліклініцы. Наша дачка вучыцца на другім курсе пэдунівэрсытэту, сын ходзіць у сёмую клясу. Ад бацькоў у мяне ў вёсцы засталася драўляная хата. Я даўно думаў заняцца якой-небудзь уласнай справай. Мне ўжо 51 год, і хацелася б ня жыць у чаканьні так званай “зарплаты”, якую ўвесь час затрымліваюць, а зрабіць нешта ня толькі для сябе, але і пакінуць дзецям. Думаў апроч сельскай гаспадаркі заняцца дрэваапрацоўкай (расьпілоўкай, рамамі, дзьвярыма). Але, каб адразу купіць абсталяваньне, няма такіх грошай. А крэдыт нашых банкаў я не адужаю”.

Ведаю, што падобнымі думкамі ды ідэямі апанаваныя многія сталыя і самастойныя людзі, якія большую частку жыцьця адпрацавалі на дзяржаўных прадпрыемствах. Назіраючы, як гэтыя заводы прыходзяць у заняпад, пакутуючы ад нястачы і прыніжэньняў, людзі (падобна, як Алег Раманкевіч) усё часьцей задумваюцца пра ўласную справу.

На жаль, дзяржава зь недаверам ставіцца да прыватнай ініцыятывы. Атрымаць ільготы альбо бязвыплатную дапамогу прадпрымальніку-пачаткоўцу ва ўмовах Беларусі нерэальна. Хоць сама дзяржава ні зь беспрацоўем, ні з рэканструкцыяй дзяржаўных прадпрыемстваў, ні з сацыяльнымі праграмамі не спраўляецца.

У такіх умовах чалавеку, які задумаў распачаць уласную справу, дзеля атрыманьня стартавага капіталу звычайна даводзіцца займацца дробным гандлем. Сёньняшнія ўладальнікі невялікіх прыватных цэхаў і майстэрняў у мінулым, як правіла, так званыя “чаўнакі”, якім па некалькі гадоў давялося езьдзіць па рынках Турэччыны, Польшчы ды Расеі.

Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Ўладзіслаў Жыгалка і Мікалай Абрамчук зь Менску, Аляксандар Ціханаў з Глуску, Мікола Саскевіч з Калінкавічаў і Міхаіл Козел з Турава Жыткавіцкага раёну.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG