Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАДКАМІТЭТ КАНГРЭСУ ЗША Ў СПРАВАХ ЭЎРОПЫ ЎХВАЛІЎ “АКТ АБ ДЭМАКРАТЫІ Ў БЕЛАРУСІ”


Алеся Сёмуха, Вашынгтон

Фактычна, задачай падкамітэту у справах Эўропы ў Кангрэсе было рэкамэндаваць ці не рэкамэндаваць законапраект на далейшы разгляд Камітэту міжнародных справаў. Перад сябрамі падкамітэту выступіў аўтар законапраекту, кангрэсмэн Крыстафэр Сьміт. Ён, у прыватнасьці, сказаў, што пагаршэньне сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, продаж рэжымам зброі, а таксама блізкія выбары прэзыдэнта і парлямэнту ў Беларусі вымагаюць дзейнічаць менавіта цяпер. Хуткае прыняцьцё законапраекту адкрые больш магчымасьцяў для свабоды слова і прэсы ды разьвіцьця дэмакратычных недзяржаўных інстытуцый. Ён таксама падкрэсьліў, што нядаўняе рашэньне АБСЭ аб вяртаньні Беларусі ў свае сябры было наіўнай памылкай тых у Эўропе, хто думае, што зможа дэмакратызаваць ці кантраляваць Лукашэнку.

Пасьля Крыстафэра Сьміта выступілі таксама старшыня падкамітэту Даг Бэройтар, Джозэф Гофэл і Эліот Энгель. Яны цытавалі факты з толькі што апублікаванай Дзярждэпартамэнтам справаздачы з правоў чалавека. А кангрэсмэн Энгель, прабабка якога паходзіць зь Беларусі, сказаў, што Лукашэнка спрабуе вярнуць Беларусь у каляніяльную залежнасьць ад Расеі, замест таго, каб арыентаваць краіну на інтэграцыю ў Эўропу. Пасьля хуткага аднагалоснага галасаваньня, законапраект быў рэкамэндаваны да далейшага разгляду Камітэтам міжнародных справаў. Адная папраўка тычылася больш дакладнага разьмеркаваньня фінансавай дапамогі.

Акт Аб Дэмакратыі ў Беларусі ўжо ня першы раз прадстаўляецца на абмеркаваньне Кангрэсу. Але ранейшыя спробы ня былі пасьпяховыя. Выглядае, што гэтым разам Акт аб Дэмакратыі ў Беларусі мае сур’ёзны шанец быць прынятым.

Па-першае, завострылася актуальнасьць беларускай праблемы як праблемы бясьпекі. Заканадаўцы зараз гавораць ня толькі пра недэмакратычнасьць беларускага рэжыму, але пра небясьпеку інтарэсам ЗША праз продаж зброі краінам-ізгоям, як Ірак і Паўночная Карэя.

Па-другое, ЗША зараз спрабуюць займець большы ўплыў, чым раней, на краіны Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы. Нядаўнія дэбаты ў Радзе Бясьпекі Эўропы па ірацкай праблеме прадэманстравалі ЗША, што так званая маладая Эўропа палітычна бліжэйшая да ЗША, чым так званая старая Эўропа.

Па-трэцяе, гэтым разам законапраект падтрыманы ня толькі рэспубліканцамі, але і дэмакратамі. Да таго ж, разгляд законапраекту, распачаты ў падкамітэце Палаты прадстаўнікоў, быў падхоплены Сэнатам. Гэта значыць, што законапраект будзе разглядацца абедзьвюма палатамі амаль адначасова. Звычайная працэдура прадугледжвае разгляд адной палатай, зацьверджаньне, потым перадачу ў другую палату, абмеркаваньне і зацьверджаньне, і толькі пасьля гэтага перадачу прэзыдэнту на канчатковы подпіс. У цяперашняй сытуацыі абедзьве палаты разглядаюць законапраект амаль адначасова. Гэта здараецца ня часта і азначае пэўную ступень зацікаўленасьці. Да таго ж, беларуская дыяспара ў ЗША прыклала ў апошнія пару месяцаў шмат намаганьняў, каб законапраект падтрымалі дадатковыя спонсары, суаўтары. Зараз гэты біль мае 9 спонсараў у Кангрэсе і 3 у Сэнаце.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG