Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ХТО БУДЗЕ КІРАВАЦЬ ПАВАЕННЫМ ІРАКАМ?

Алеся Сёмуха, Вашынгтон

Злучаныя Штаты на пачатку выказваліся за поўны англа-амэрыканскі вайсковы і цывільны катнроль і дамінантную ролю ў фармаваньні першай паваеннай нацыянальнай ірацкай адміністрацыі першы час пасьля вайны. Але пазыцыя ЗША пачала зьмякчацца пасьля таго, як Вялікая Брытанія выказалася за актыўны ўдзел ААН у паваеннай рэканструкцыі Іраку. Сёньняшні візыт дзяржсакратара ЗША Коліна Паўэла ў Брусэль нарэшце акрэсьліў пэўны кансэнсус. ЗША пагадзіліся на ролю ААН у паваеннай рэканструкцыі, але спрэчкі працягваюцца вакол важкасьці гэтай ролі. Паўэл настойвае на лідэрстве кааліцыйных сіл у вырашэньні пытаньняў, асабліва палітычнага характару, у той час як эўрапейскія кіраўнікі заклікаюць да як найхутчэйшага лідэрства ААН ва ўсім працэсе рэканструкцыі, каб тым самым паслабіць антызаходнія настроі ў арабскім сьвеце і антываенныя пратэсты ў Эўропе. Зрэшты, з гэтым згаджаецца і амэрыканская адміністрацыя, якая ня супраць так бы мовіць, легітымізацыі вайсковых дзеяньняў і дапамогі ў аднаўленьні. Цікава, што ўсе бакі заклікалі да прагматычнага падыходу да будучай рэканструкцыі і амаль ня ўзгадвалі зусім нядаўні раскол у Радзе Бясьпекі ў пытаньні вайны.

Зразумела, розьніцы ў падыходах паміж ЗША і Заходняй Эўропай застаюцца. Яшчэ адным пунктам непаразуменьня застаецца роля НАТО і міратворчых сіл ААН. ЗША настойваюць на тым, што пачатковы вайсковы кантроль мусяць ажыцьцяўляць менавіта войскі Паўночна Атлянтычнага Блёку, тым часам, як многія эўрапейскія лідэры хацелі б перакласьці гэтую ролю на міратворчыя вайсковыя аддзелы ААН, дзе эўрапейцы маюць большы ўплыў. Выглядае, што саступкі ў гэтай сфэры будуць рабіцца зь вялікай засьцярогай, бо многія ў амэрыканскай адміністрацыі не давяраюць кампэтэнтнасьці міратворчых сіл ААН пасьля іх бязьдзеяньня пад час канфліктаў на Балканах, у Руандзе ды іншых гарачых кропках. Сытуацыя ў Іраку будзе занадта нестабільная, каб даверыцца міратворчым сілам ААН, лічыць Белы Дом. У гэтым пытаньні, а таксама ў пытаньні хуткага рэагаваньня на, так бы мовіць, партызанскія дзеяньні ірацкіх баевікоў і на тэрарыстычныя акты зь іх боку, Амэрыка і Вялікабрытанія аднадумныя – гэта мусіць заставацца пад цэнтральным кантролем кааліцыйных сіл.

Што да прымірэньня Заходняй Эўропы і ЗША, дык абодва бакі заўсёды разумелі патрэбу стратэгічнага партнэрства. Разыходжаньні былі хутчэй у пытаньнях лідэрства ў гэтым партнэрстве. І пытаньне гэтага лідэрства зноў усплыве падчас далейшых спрэчак вакол будучыні Іраку. Зараз Эўропа спрабуе не ўпусьціць момант уплыву на перадзел Іраку, а ЗША спрабуюць атрымаць нялішнюю дапамогу і легітымізацыю.
XS
SM
MD
LG