Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧАТЫРЫ ГАДЫ ПАЗБАЎЛЕНЬНЯ ВОЛІ ЗА ПАКЛЁП НА АЛЯКСАНДРА ЛУКАШЭНКУ


Любоў Лунёва, Менск

У суд Цэнтральнага раёну прыйшлі некалькі дзясяткаў чалавек. Сярод іх журналісты, палітыкі, праваабаронцы, прадстаўнікі амэрыканскай і францускай амбасадаў, а таксама АБСЭ.

Нагодай для крымінальнай справы сталі ўлёткі, якія Аксана Новікава летась распаўсюджвала на Кастрычніцкай плошчы 17 кастрычніка. Улёткі былі зробленыя кшталту міліцэйскіх абвестак пра вышук небясьпечнага злачынцы. Пад фотаздымкам Аляксандра Лукашэнкі аўтары надрукавалі пералік артыкулаў Крымінальнага кодэксу, якія, на іх думку, ён парушыў. Аксану затрымалі й распачалі крымінальную справу паводле 367 артыкулу (паклёп на прэзыдэнта).

На судзе Аксана Новікава заявіла адвод судзьдзю Валерыю Есьману. Яна матывавала гэта тым, што не спадзяецца на незалежны разгляд сваёй справы, бо Лукашэнка сам прызначае судзьдзяў на іх пасады, а ў дадзеным выпадку яе судзяць за паклёп на яго. Валеры Есьман не задаволіў гэтае хадайніцтва.

Тады Аксана папрасіла, каб суд спыніў яе справу, а, калі не, то каб накіраваў справу на дасьледаваньне. Аксана папрасіла выклікаць у суд самога пацярпелага, Аляксандра Лукашэнку. Апроч таго, дапытаць у якасьці сьведкаў Анатоля Лябедзьку і Аляксандра Дабравольскага, а таксама спадароў Шэймана, Паўлічэнку, Кеза, Бажэлку ды іншых асобаў.

Судзьдзя адхіліў усе хадайніцтвы. Ён пагадзіўся толькі далучыць да матэрыялаў справы Дэклярацыю правоў чалавека і дапытаць Анатоля Лябедзьку і Аляксандра Дабравольскага. Аксана Новікава ў сваім выступе патлумачыла, што сама нічога не выдумляла, а ўсе абвінавачаньні пабудавала паводле публікацыяў у друку. Прадстаўнік пракуратуры намагаўся не кранаць сутнасьці абвінавачаньня, а распытваў Аксану пра яе асабістае жыцьцё.

Падчас выступаў Анатоля Лябедзькі й Аляксандра Дабравольскага, калі тыя пачыналі цытаваць дакумэнты, каб спраўдзіць інфармацыю пра дзеяньні Лукашэнкі, судзьдзя іх адразу спыняў. Анатоль Лябедзька так пракамэнтаваў гэты працэс:

(Лябедзька: ) “У нас час ад часу адбываюцца паказальныя працэсы, і яны разьлічаныя на тое, каб спрацаваць на тую ці іншую групу насельніцтва. Гэты выпадак выключны, бо абвінавачваецца сярэднестатыстычны грамадзянін Беларусі. Улады разумеюць, што сёньня адна такая Аксана Новікава, якая не зьяўляецца ні сябром партыі, ні грамадзкай арганізацыі, выйшла з улёткамі, у якіх вынесла свой боль, свае думкі. Калі гэта не спыніць, то заўтра іх выйдзе сто, а потым тысячы. Трэба зрабіць паказальны працэс, каб Аксаны Новікавы заставаліся на сваіх кухнях, не выходзілі на вуліцы і не былі грамадзка актыўнымі людзьмі. Вось што адбываецца па-сутнасьці”.

Нечакана для ўсіх прысутных судзьдзя абвесьціў спрэчкі. Упершыню такая справа была разгледжаная за тры гадзіны. Чатыры гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай на два гады — такую меру пакараньня папрасіў пракурор. На гэта адвакат Павал Сапелка паведаміў, што ніколі раней не сутыкаўся з тым, каб у справе, у якой не было ніводнага доказу віны, пракуратура папрасіла такую жорсткую меру пакараньня.

Сама Аксана Новікава ў судовай залі паведаміла Радыё Свабода:

(Новікава: ) “Мяне ўразіла, што судзьдзя адхіліў амаль усе мае хадайніцтвы. Была відавочнай зьбянтэжанасьць прадстаўніка пракуратуры, які не чакаў такіх моцных доказаў віны прэзыдэнта. Пракурор быў у разгубленасьці. Ён ня ведаў, што рабіць з тымі матэрыяламі, якія мы падалі. Ён сам прадстаўляе дзяржаўныя інтарэсы, і таму ня ведае, як такія матэрыялы далучаць да гэтай справы. Які б ні быў прысуд, я лічу, што праўда на маім баку. Я веру, што калі-небудзь усе абставіны маёй справы будуць разгледжаныя аб’ектыўна”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG