Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ ДАНТЭСЫ


Вячаслаў Ракіцкі, Менск

Удзельнічае літаратуразнаўца, пісьменьнік Пятро Васючэнка

(Вячаслаў Ракіцкі: ) “Жыцьцё і воля падараваныя чалавеку ад нараджэньня Богам, а забіраюцца ж людзьмі й грамадзтвам. Пазбаўленьне радзімы або волі — такое пакараньне чалавецтва вынайшла яшчэ ў жалезным веку. Завялікае нават для вінаватых, яно невыносна жорсткае для бязьвінных.

Усясьветная гісторыя поўніцца гісторыямі пра дарэмна асуджаных. Адну зь іх распавёў у авантурным рамане “Граф Монтэ-Крыста” Аляксандар Дума: бязьвінны Дантэс пасьля чатырнаццаці гадоў зьняволеньня стаў казачна багатым і надзвычай помсьлівым графам Монтэ-Крыста.

Творцы беларускай гісторыі — палітыкі, ваяры, мастакі, земляробы безьліч разоў ператвараліся ў вязьняў. Людзі йшлі ў няволю за празьмерную прагу волі, а часам і так, за нішто. Іх магла напаткаць і вечная няволя, і, з Божае ласкі, цудоўнае ўратаваньне. Маім госьцем — літаратуразнаўца, пісьменьнік Пятро Васючэнка. Спадар Васючэнка, дык ці былі яны, дантэсы, у нашай гісторыі?”

(Пятро Васючэнка: ) “Беларуская гісторыя поўніцца такою колькасьцю палонаў, войнаў, палітычных мітрэнгаў, што ў гэтай безьлічы падзеяў не магло ня быць беларускіх дантэсаў. Пра іх яшчэ ня так шмат і напісана. Прыкладам можа стаць гісторыя пра полацкага ваяводу Давойну, які некалі трапіў ў палон да Івана Жахлівага разам з жонкай Пятроняй і дзецьмі. Жонка памерла ў няволі, а ён праз чатыры гады мусіў адкупіцца сумай дзесяць тысяч чырвонцаў.

Калі мець на ўвазе працягласьць знаходжаньня ў вязьніцы, прыгадваецца гісторыя пра аднаго з Радзівілаў — Марціна Міхала, які адбыў у вязьніцы Слуцкага замку трыццаць тры гады зь сямідзесяці сямі, якія адпусьціў яму Бог. А пасьля яшчэ каля сарака чатырох гадоў аж да сьмерці знаходзіўся пад апекаю яшчэ аднаго Радзівіла — Гераніма Фларыяна.

Варта сказаць, што Міхал Марцін Радзівіл быў ня цукар: завёў сабе гарэм, перайшоў у юдэйства. Але трапіў пад апеку не за гэта, а за зьдзекі, за гвалт над блізкімі й чужымі людзьмі, прыкладам, над адным зь біскупаў. Ягоныя турэмшчыкі былі ня лепшыя за яго і таксама патрабавалі апекі, як і Геранім Фларыян, які праславіўся тым, што раздушыў Крычаўскае паўстаньне. Гераніма і Фларыяна на месцы турэмшчыка зьмянілі іншыя Радзівілы. Турэмшчыкі мяняліся, палітычныя рэжымы мяняліся, а вязень знаходзіўся там, дзе й быў — у каморы Слуцкага замку. Толькі адзіная прасьвеціна была ў ягоным жыцьці: сын, якога ён скалечыў фізычна, дараваў яму”.

(Ракіцкі: ) “Гэта далёкая гісторыя. А дантэсы ХХ стагодзьдзя — хто ж яны?”

(Васючэнка: ) “Згадваюцца палітычныя вязьні 1930-х гадоў — вязьні сталінскага рэжыму. Сярод іх былі доўгажыхары турмы альбо высылкі. Прысуды здаваліся кароткімі — пяць-дзесяць гадоў. Але гэтыя гады вырасталі ў дзесяцігодзьдзі высылкі: вязень адбываў ня толькі высылку, але й быў урэзаны ў грамадзянскіх правох — гэта называлася “даць па рагах”. І менавіта такім чынам Язэп Пушча адбыў у высылцы і ў турме ня пяць, а ўсе дваццаць восем гадоў: да рэабілітацыі ў 1958 годзе, калі ён вярнуўся ў Беларусь. Адпаведны лёс перажыў і Ўладзімер Дубоўка”.

(Ракіцкі: ) “Волю вольнага чалавека ім прыходзілася доўга чакаць. Няўжо так было з усімі? Ці спрабавалі беларускія вязьні, як францускі Дантэс, самі пракласьці шлях да волі?”

(Васючэнка: ) “Шлях да свабоды беларускіх вязьняў быў крышку інакшы. Яны не пракладалі калідор праз трохмэтровую сьцяну, а часам дамагаліся вызваленьня сваёй прыроджанай цярплівасьцю, часам — вынаходзтвам. Так дачакаўся свайго вызваленьня Ўсяслаў Чарадзей: кінуты ў поруб кіеўскімі князямі Яраслававічамі, ён адседзеў у земляных сутарэньнях цэлы год, пакуль дачакаўся паўстаньня кіеўцаў падчас нашэсьця полаўцаў. Князь Вітаўт дачакаўся сваёй волі, падцікаваўшы зручнага выпадку — калі змог перапрануцца ў жаночае адзеньне. Гэта таксама было падрыхтавана лёсам і ягонай бясконцай беларускай цярплівасьцю”.

(Ракіцкі: ) “У выпадку з Усяславам Чарадзеем мы маем сытуацыю з выпадковасьцю перамены палітычнай сытуацыі, зь Вітаўтам — сапраўдная выпадковасьць. Вы лічыце, што толькі выпадковасьць перамагае лёгіку ўладаў?”

(Васючэнка: ) “У жыцьці няма нічога выпадковага: прыкладам, Францішак Аляхновіч, вязень Салаўкоў, быў вызвалены ў 1933 годзе (нагадаю, што яго памянялі на вязьня Бярозы-Картускай Браніслава Тарашкевіча, які адбываў сваё пакараньне ў Польшчы Пілсудзкага), што падрыхтавана палітычнымі абставінамі, якія маюць сваю лёгіку. Беларусы прызвычаіліся прыстасоўвацца да гістарычнай хады й чакаць зручнага выпадку. Што ж тычыцца цярплівасьці, то яна падмацоўваецца беларускім фаталізмам. Беларус у турме (беларускі дантэс) ведае: калі яго кінуў туды дэспатычны рэжым, значыць, за кратамі знаходзіцца яшчэ адна турма”.

(Ракіцкі: ) “Адчуваньне сьцяны, якую не праб’еш галавою?”

(Васючэнка: ) “Адчуваньне сьцяны, якую трэба абысьці альбо разбурыць у самім сабе”.

(Ракіцкі: ) “Вязень — герой навэлы Быкава “Сьцяна” — уступае зь ёю ва ўпартую й марную барацьбу: ён калупае яе кіпцямі, выцягвае камяні — тут ёсьць падабенства з Дантэсам”.

(Васючэнка: ) “Дантэс таксама рабіў сабе калідор, як і ягоны сусед па турме абат Фарыя, але ні адзін, ні другі не дасягнулі волі ў гэтай карпатлівай і працяглай працы. Дантэсу дапамог выпадак. Што ж да быкаўскага героя, то ў фінале навэлы яго чакае па той бок сьцяны турэмны двор, абнесены яшчэ больш тоўстай і непрыступнай сьцяною, а пасярэдзіне дворыка яго чакае шыбеніца”.

(Ракіцкі: ) “Але ж Быкаў нідзе ня піша, што герой прыпавесьці — беларус”.

(Васючэнка: ) “Быкаў у гэтым творы вывеў сумарны вобраз вязьня, які мае ілюзію пранікальнасьці сьцяны, якую можна адолець. Герой не надзелены той мудрасьцю, якую меў Гамлет, прынц дацкі, калі казаў: “Увесь сьвет — турма”.

(Ракіцкі: ) “А ці здатныя былі беларускія дантэсы, зь іхным фаталізмам, паскорыць сваё вызваленьне?”

(Васючэнка: ) “У вязьніцы беларускія дантэсы рабілі нешта болей значнае — імкнуліся разбурыць сьцяну ў саміх сабе, імкнуліся вярнуць сабе прыроджанае адчуваньне волі, перамагчы ў сабе вязьня, нявольніка. Інакш кажучы, кожны ў турме займаўся тым, чым займаўся на волі.

Паўліна Мядзёлка, якая некалі грала ролю Паўлінкі ў аднайменнай камэдыі Купалы, і ў турме ў 1930-я гады здолела стварыць сьпеўны гурток. Францішак Аляхновіч, будучы вязьнем Салаўкоў, стварыў сярод “зэкаў” тэатральную трупу, пісаў для яе п’есы, выдаваў насьценгазэту; Браніслаў Тарашкевіч у Бярозе-Картускай здолеў перакласьці “Пана Тадэвуша” Адама Міцкевіча; Андрэй Мрый напісаў раман “Жывы дом”; Максім Гарэцкі піша ў высылцы адну зь лепшых сваіх кніг — “Скарбы жыцьця”; Апанас Філіповіч піша свой выдатны “Дыярыюш”, а сучасны вязень Славамір Адамовіч — “Турэмны дзёньнік”.

(Ракіцкі: ) “Пятро, плён творчасьці — гэта ўжо свайго кшталту кампэнсацыя за цярплівасьць. Але Бог пасылае многім вязьням узнагароду ўжо пасьля вызваленьня”.

(Васючэнка: ) “Сярод беларускіх дантэсаў мы ня знойдзем людзей, якія атрымалі казачныя багацьці, як граф Монтэ-Крыста, але мы знойдзем людзей, якія кардынальна памянялі свой статус, як гэта зрабіў у недалёкай мінуўшчыне чэскі прэзыдэнт Гавэл. Беларусы таксама набывалі пасьля зьняволеньня ўладу. Так сталася з Усяславам Чарадзеем, які выйшаў з кіеўскага порубу вялікім князем Кіева. Так сталася і зь Вітаўтам, які выйшаў з Крэва вялікім князем Літоўскім. Тое самае адбылося з Ігнатам Дамейкам, які стаў чалавекам, славутым ня толькі ў Беларусі і Чылі, але й ва ўсім сьвеце.

Але думаецца, самая лепшая ўзнагарода — гэта сама воля, яе адчуваньне. Гэтае ап’яненьне воляй перадасьць Францішак Аляхновіч, якога пасьля Салаўкоў абмянялі на Браніслава Тарашкевіча, а сьледчы ў Маскве абвесьціў яму гэтую навіну”.

(Ракіцкі: ) “Паколькі мы карыстаемся хрэстаматыйным, сымбалічным вобразам Дантэса, то ўзгадайма зноў жа: Дантэс выйшаў з турмы, атрымаўшы волю, багацьце, помсьлівым чалавекам. Як ставіліся да сваіх ворагаў — тых, хто пасадзіў ў турму, хто зьдзекаваўся зь іх у турме, беларускія дантэсы?”

(Васючэнка: ) “Беларусы рэдка задаюць пытаньне “што рабіць?”, альбо “хто вінаваты?” Найчасьцей яны пытаюцца: “адкуль яно?”, “што яно?”, “навошта?” і “завошта?”. Таму адчуваньня помсты я не знаходжу ў паводзінах беларускіх вязьняў. Самае вялікае, на што яны здатныя — іранічнае стаўленьне да сваіх крыўдзіцеляў.

Менавіта гэта прачытваецца ў прозе Францішка Аляхновіча, у ягоным славутым творы пра сталінскі ГУЛАГ — “У кіпцюрох ГПУ”. І калі параўноўваць гэты твор зь яшчэ адным творам пра сталінскія гулагі — “Архипелаг ГУЛАГ” Аляксандра Салжаніцына, дык у першым творы нашмат менш жоўці, сарказму й нянавісьці. Тое ж самае мы чуем з вуснаў іншых вязьняў сталінскага рэжыму, якія, атрымаўшы волю, не шукалі сваіх крыўдзіцеляў, каб таксама “запячы” іх у турму. Я памятаю выступ Сяргея Грахоўскага, які разводзіў рукамі, згадваючы свой арышт, і пытаўся: “А мы ж такія былі даверлівыя... Мы ж так верылі ў перамогу сацыялізму... Завошта?!”

(Ракіцкі: ) “Гэта і ёсьць вэндэта па-беларуску?”

(Васючэнка: ) “Беларускі вязень больш схільны адпомсьціцца іранічным творам, альбо рамантычным творам, як гэта зрабіў Уладзімер Дубоўка, напісаўшы раман “Жоўтая акацыя”, альбо проста ўспамінам. І, магчыма, у гэтым выяўляецца пэўная мудрасьць. Можа быць, гэта зарука таго, што эстафэта ліха калі-небудзь прыпыніцца, што тая нябачная сьцяна, якую ўзьвялі паміж сабою людзі, сьцяна, якая ператварае людзей у вязьняў і вольных людзей, калі-небудзь рухне, і за руінамі гэтай сьцяны мы пабачым новае неба й новую зямлю, як нам абяцае Эвангельле”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG