Прадстаўнік амэрыканскага камандаваньня брыгадны генэрал Вінцэнт Брукс заявіў учора:
(Брукс: ) “Мы наблізімся да Багдаду. Кінжал накіраваны ў сэрца рэжыму, і мы ня спынімся, пакуль рэжым ня сыдзе”.
Паведамляецца, што 4 дывізіі рэспубліканскай гвардыі Іраку былі перакінутыя на паўднёвыя ўскраіны Багдаду, насустрач амэрыканскім войскам. Паводле амэрыканскіх крыніцаў, дзьве дывізіі рэспубліканскай гвардыі былі разьбітыя пад Кэрбэлой і Кутам.
Разам з тым, сёньня працягваліся баі пад Кэрбэлою, учора ўвечары тут былі зьбітыя амэрыканскі зьнішчальнік “Горнэт” і баявы гелікоптэр “Блэк гоўк”. Паводле зьвестак амэрыканскага камандаваньня, агульныя страты войска ЗША за 2 тыдні вайны складаюць 50 чалавек.
З паўдзённага ўсходу наступ на ірацкую сталіцу вядзе першы экспэдыцыйны корпус марской пяхоты ЗША. Учора гэтае злучэньне фарсыравала раку Тыгр каля гораду Кут і, паводле амэрыканскіх крыніцаў, разьбіла дывізію “Багдад” ірацкай рэспубліканскай гвардыі.
Іракцы адмаўляюць разгром гэтай дывізіі. Міністар інфармацыі Іраку Саід Аль Сахаф заявіў пра гэта:
(Сахаф: ) “Амэрыканцы хлусяць кожны дзень. Яны хлусяць заўсёды, і перш за ўсё яны хлусяць свайму народу. Тое, што яны заявілі пра значны посьпех пад Багдадам – абсалютная выдумка”.
Ірацкі міністар заявіў, што не ірацкія войскі, а сілы кааліцыі былі разьбітыя пад Кутам, а на паведамленьне пра тое, што амэрыканскія войскі выйшлі да багдацкага аэрапорту, адказаў:
(Сахаф: ) “Гэта абсалютна неабгрунтавана. Гэта няпраўда. Аэрапорт Садама? Не, гэта глупства”.
Міністар інфармацыі Іраку таксама зачытаў ліст нібыта ад Садама Хусэйна, у якім выказваецца падзяка ірацкім войскам, якія абараняюць горад Кут. “Мы не дазволім ворагам дасягнуць Багдаду”, – гаворыцца ў лісьце.
Авіяцыя кааліцыі працягвае наносіць ракетна-бомбавыя ўдары па ірацкіх гарадох, паведамляецца пра рост ахвяраў сярод мірнага насельніцтва. Іракцы заяўляюць, што ў аўторак падчас авіяўдараў па горадзе Хіл загінулі 33 цывільныя асобы, сярод іх шмат дзяцей. Паводле зьвестак Міжнароднага чырвонага крыжу, ня менш як 280 чалавек былі параненыя падчас бамбаваньня гораду Хіл. Гэтыя паведамленьні выклікалі абурэньне ў арабскім сьвеце. Упершыню з пачатку вайны з асуджэньнем яе выступіў кароль Ярданіі Абдула. Ён заявіў, што адчувае боль з прычыны павялічэньня ахвяраў сярод мірнага ірацкага насельніцтва.
Сёньня ў Брусэлі міністры замежных справаў краінаў НАТО і Эўразьвязу, а таксама Расеі абмяркоўваюць будучыню Іраку. У пазыцыі краінаў-праціўнікаў вайны ў апошні час пачалі гучаць новыя акцэнты. Учора прэзыдэнт Расеі Пуцін ізноў выказаўся за вырашэньне канфлікту ў Іраку пад эгідаю ААН, аднак дадаў, што Расея не зацікаўленая ў тым, каб ЗША пацярпелі паразу ў Іраку. Паводле Пуціна, Расея ня хоча паразы Злучаных Штатаў з эканамічных і палітычных меркаваньняў. Канцлер Нямеччыны Гергард Шрэдэр заявіў сёньня, выступаючы ў Бундэстагу:
(Шрэдэр: ) “Пасьля вайны Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў мусіць адыгрываць цэнтральную ролю як у вызначэньні будучыні Іраку, гэтак і ў вызначэньні новага палітычнага парадку. Я хачу папярэдзіць наконт спэкуляцыяў пра дэталі неабходнай адбудовы Іраку”.
Канцлер Нямеччыны паўтарыў, што лічыць ваеннае рашэньне ірацкай праблемы памылкаю, аднак выказаў спадзяваньне, што рэжым Хусэйна будзе скінуты ў хуткім часе.