Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ААН ВЫДАТКАВАЛА 30 ТЫСЯЧ ДАЛЯРАЎ НА ПРАГРАМУ ПРАФІЛЯКТЫКІ СНІДУ Ў БЕЛАРУСКІХ ТУРМАХ І КАЛЁНІЯХ

Алег Грузьдзіловіч, Менск

Першай экспэрымэнтальнай пляцоўкай абраная калёнія на вуліцы Кальварыйскай у Менску. Спачатку вязьняў ананімна апытаюць наконт ўжываньня наркотыкаў. Потым будзе праведзеная тлумачальная праца і створаная сыстэма прафіляктыкі. У тым ліку вязьням плянуецца раздаваць прэзэрватывы, сродкі дэзінфэкцыі і нават наладзіць для іх ананімны абмен шпрыцаў.

Тое, што шпрыцы ў турмах ужываюць, ахоўнікі не выключаюць. Як будзе наладжаны ананімны абмен шпрыцаў у турэмных умовах, патлумачыў начальнік мэдычнай службы ўпраўленьня выкананьня пакараньняў Васіль Завадзкі:

(Завадзкі: ) “Будзе давераны доктар, да якога асуджаны можа прыйсьці без тлумачэньняў, чаму ён туды ідзе. Маўляў, у яго нешта забалела, ён, нікому нічога не тлумачачы, туды ідзе, і там можа ў доктара памяняць выкарыстаны шпрыц на новы. Акрамя таго, будуць задзейнічаныя валанцёры сярод асуджаных”.

Паводле афіцыйных зьвестак, з 44 тысяч беларускіх вязьняў больш за тысячу маюць ВІЧ-інфэкцыю, але няма ніводнага хворага на СНІД. Раней такіх былі адзінкі, і іх паводле судовых рашэньняў наіравалі ў шпіталі. Між тым, ахоўнікі не выключаюць, што ў турмах значна больш ВІЧ-інфікаваных, бо іх магчыма выявіць толькі ў сьледчых ізалятарах, дзе ва ўсіх бярэцца кроў на аналізы, а вось сытуацыю ў турмах кантраляваць цяжэй, бо там прымусовай здачы крыві няма.

Абвастрэньне праблемы начальнік Камітэту выкананьня пакараньняў Міністэрства ўнутраных справаў Уладзімер Коўчур ілюструе прыкладам з гомельскай жаночай калёніі, дзе ўжо зафіксаваныя два выпадкі нараджэньня дзяцей ад ВІЧ-інфікаваных маці. “Таму праект, што цяпер пачынаецца ў менскай калёніі, мае на мэце стварыць сыстэму прафіляктыкі СНІДу для ўсіх турмаў Беларусі”, — заявіў Уладзімер Коўчур.

Аднак некаторыя з былых вязьняў беларускіх турмаў скептычна ставяцца да здольнасьці беларускіх уладаў эфэктыўна выкарыстаць грошы ААН. Дэпутат Вярхоўнага Савету 13 скліканьня Андрэй Клімаў, які правёў у менскай калёніі больш за тры гады, ня верыць, што магчыма стварыць ананімную сыстэму абмену шпрыцаў.

(Клімаў: ) “Які абмен, пра што тут казаць?! Вязьні рызыкуюць, што іх на першым жа павароце на шляху да доктара абшукае любы ахоўнік, знойдзе шпрыц і накіруе ў карцэр. Наркотыкі на зоне — гэта адразу крымінальная справа, а шпрыц — падстава для ўзбуджэньня такой справы. Да таго ж я ня веру ў шчырасьць турэмных дактароў. Прыкладам, мне з цукровым дыябэтам прапісалі бананава-апэльсінавую дыету. Гэта на зоне, дзе не хапае звычайнай ежы, ня тое што вітамінаў! Яны проста зьдзекуюцца зь вязьняў, прыкладам, асьпірынам лечаць усе хваробы. Таму гэтыя праекты падобныя альбо на казку, альбо на авантуру”.

Андрэй Клімаў лічыць, што грошы ААН варта было б патраціць на барацьбу з сухотамі, якімі, паводле ягоных назіраньняў, у турме хварэюць амаль 10% вязьняў, прычым некаторыя паміраюць.
XS
SM
MD
LG