Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПЕРШЫЯ КРОКІ ДЭПУТАТАЎ


Аляксандар Уліцёнак, Менск

(Аляксандар Уліцёнак: ) “Заканчваецца арганізацыйны пэрыяд фармаваньня кіроўных структураў новых саветаў, за гэты час вы, напэўна, здолелі разгледзець сярод калегаў сваіх патэнцыйных сяброў і саюзьнікаў... Што скажаце, спадар Кекелеў?”

(Ігар Кекелеў: ) “Я добра ведаю ўсіх гэтых людзей, ведаю, што яны гатовыя працаваць на карысьць Беларусі, і мае намаганьні ідуць у тым кірунку, каб гэтых людзей аб’яднаць. Наша аб’яднаньне мы плянуем у абароне правоў і інтарэсаў грамадзянаў. Гэта вельмі небясьпечны для нас напрамак. Другім напрамкам зьяўляецца прадпрымальніцтва. На сёньняшні дзень у нас каля 270 прадпрымальнікаў. Але яны разрозьненыя і ня могуць змагацца за свае правы”.

(Уліцёнак: ) “А ці ёсьць саюзьнікі ў пухавіцкай тройкі дэпутатаў ад БНФ, спадар Шпунтоў?”

(Кастусь Шпунтоў: ) “Такія людзі ёсьць, але неабходна ўлічваць, што большая частка дэпутацкага корпусу калі не пры непасрэдным удзеле выканаўчай улады, то пад яе ўплывам, і па спрэчных пытаньнях пры адкрытым галасаваньні яны будуць галасаваць так, як патрэбна гэтай уладзе. Хаця калі пытаньне выносілася б на таемнае галасаваньне, можна чакаць розных вынікаў”.

(Уліцёнак: ) “Арганізацыйныя сэсіі сталіся для вас нечаканасьцю, альбо ўсё на іх ішло пад дыктоўку ўладаў?”

(Юрась Губарэвіч: ) “Літаральна днямі ў Белаазёрску адбылася першая сэсія гарадзкога савету, на якой прысутнічалі 13 дэпутатаў. Не прысутнічаў дэпутат, па якім вынікі былі сфальсыфікаваныя. Да пачатку сэсіі пракуратура ўжо знайшла вінаватых, імі аказаліся сябры ўчастковых падліковых камісіяў. Але ў прынцыпе яшчэ ня дадзены адказ на пытаньне, хто за гэтым стаіць, хто замовіў фальсыфікацыю”.

(Уліцёнак: ) “Гэта, спадар Губарэвіч, напэўна, стала першай перамогай вашай дэмакратычнай фракцыі?”

(Губарэвіч: ) “Так, гэта першая рэалізацыя задуманага, гэта тое, што будзе спрыяць нам у далейшым. Па Белаазёрску яшчэ павінны быць давыбары ў 12 акругах. Ужо цяпер для членаў і старшыні камісіі гэты прэцэдэнт будзе вельмі істотны. Яны пабачылі, што робячы фальсыфікацыі, яны не застрахаваныя, і нават гэтая ўлада ня можа ім гарантаваць, што яны ня будуць пасьля пакараныя”.

(Уліцёнак: ) “Чаму вы прынялі рашэньне не змагацца за пасаду старшыні гарадзкога савету?”

(Губарэвіч: ) “Старшыня савету па пасадзе адначасова зьяўляецца і старшынём выканкаму. Гэты чалавек вельмі залежны ад вышэйшага вэртыкальнага кіраўніка. І мы вырашылі покуль не прэтэндаваць на такое месца, хоць мелі ўсе рэальныя шанцы абраць туды свайго чалавека. Мы прагаласавалі за кампрамісную фігуру. За чалавека, які пагадзіўся на нашыя ўмовы, за чалавека, які пагадзіўся далей працаваць з намі, і ён задавальняе таксама вэртыкаль”.

(Уліцёнак: ) “Але ж вашыя прадстаўнікі ўзначалілі тры з трох сфармаваных камісіяў, ці ня так?”

(Губарэвіч: ) “Іншага выніку не магло й быць, таму што мы складаем пераважную большасьць. Цяпер можна казаць ня толькі пра васьмёрку — далучаюцца людзі, якія ішлі ад працоўных калектываў”.

(Уліцёнак: ) “Такім чынам, дэмакратычная фракцыя павялічваецца?”

(Губарэвіч: ) “Покуль яна яшчэ не фармалізаваная. Гэта стварэньне плянуецца літаральна днямі”.

(Уліцёнак: ) “Вам, спадар Шпунтоў, напэўна давялося саступіць намаганьням улады?”

(Шпунтоў: ) “Усе дэпутаты ад Партыі БНФ, якія прайшлі ў Пухавіцкі раённы савет, возьмуць актыўны ўдзел у працы пастаянных камісіяў. Алесь Міхалевіч і Васіль Валасюк будуць працаваць у мандатнай камісіі, а я ў камісіі па экалёгіі, добраўпарадкаваньні й мясцовым самакіраваньні”.

(Уліцёнак: ) “Калі на сёньня вашыя патэнцыйныя саюзьнікі ў ценю, то тройка ад БНФ кансэрватыўную большасьць нэрвуе, яны глядзяць на вас як на міну запаволенага дзеяньня?”

(Шпунтоў: ) “За першую сэсію немагчыма дасканала ўведаць настроі дэпутатаў, але мы ня далі падставаў думаць, што нібыта мы прыйшлі ў савет зь нейкімі правакацыйнымі мэтамі. Таму я ўпэўнены: далейшая праца дасьць нам магчымасьць паводзіць сябе так і выступаць з такімі прапановамі, да якіх будзе прыслухоўвацца нават самая кансэрватыўная частка дэпутацкага корпусу”.

(Уліцёнак: ) “Якія жыцьцёвыя праблемы хвалююць цяпер выбарцаў найперш?”

(Шпунтоў: ) “Штодзённая адсутнасьць гарачай вады”.

(Уліцёнак: ) “Дарэчы, спадар Кекелеў раней заўважыў, што ў ягоных плянах адной зь першых стаіць дапамога малому бізнэсу. Але шмат хто, і не без падставаў, кажа: у прадстаўнікоў “блізкае ўлады” вельмі абмежаваныя магчымасьці. А для вырашэньня такіх праблемаў патрабуюцца сур’ёзныя паўнамоцтвы...”

(Кекелеў: ) “Я згодзен, але крыху хачу дапоўніць. Справа ў тым, што прадпрымальнікі нашы ня маюць ніякай сувязі з прадпрымальнікамі Менску, Гомелю і так далей. Калі мы зможам аб’яднаць іх, стварыць адну каманду, тады прадпрымальнікі будуць кантактаваць адзін з другім, каардынаваць сваю дзейнасьць. А для іх на першых кроках гэта самае важнае”.

(Уліцёнак: ) “Паслухае вас нехта з начальства і, доўга ня думаючы, можа сказаць, што спадар Кекелеў займаецца не заканадаўчай, дэпутацкай дзейнасьцю, а палітычнай, партыйнай — гэта, маўляў, паўнамоцны прадстаўнік Анатоля Лябедзькі, Аб’яднанай грамадзянскай партыі ў Буда-Кашалёве... Дзе ў такіх выпадках, так бы мовіць, законная мяжа для дэпутата?”

(Кекелеў: ) “Не, гэта не палітычная праца, яна болей падыходзіць пад працу трэцяга сэктару”.

(Уліцёнак: ) “Колькі беспартыйных дэпутатаў стаяць, па вашых назіраньнях, побач зь незалежнай, самастойнай грамадзянскай пазыцыяй?”

(Кекелеў: ) “На маю думку з 15 абраных ва Ўвараўскі пасялковы савет дэпутатаў рэзка вылучаецца пазыцыя прыкладна пяці чалавек. У Буда-Кашалёўскім раённым савеце таксама каля 5–7 чалавек”.

(Уліцёнак: ) “Спадар Губарэвіч, уявім, што пасьля магчымых давыбараў вы па-ранейшаму застаяцеся ў бальшыні, а значыць, у рэспубліцы ўзьнікне прэцэдэнт — цэлы гарсавет дэмакратычнай скіраванасьці! Ці ня пойдуць улады на тое, каб штучна перашкодзіць рэалізацыі вашых абяцаньняў выбарцам — пры такім раскладзе белаазёрцы нібыта пабачаць, што аніякай карысьці ад дэмакратаў няма...”

(Губарэвіч: ) “Я ня думаю, што ў гэтай сытуацыі магчымае нейкае скарачэньне сродкаў. Тым больш, старшыня савету быў прапанаваны раёнам, і ён задавальняе раён. Так што яны будуць вымушаныя падставіць яго, калі пойдуць на гэта”.

(Уліцёнак: ) “Атрымліваецца, у Белаазёрску пакуль усё гладка, без праблемаў?”

(Губарэвіч: ) “Як паказала першая сэсія, нам не заўсёды атрымліваецца праводзіць свае рашэньні. Улады яшчэ не прывыклі працаваць па законе, па рэглямаэнце. Яны працуюць па-старому: калі мы падымаем вострыя пытаньні, гэта ўсё загаворваецца, адводзіцца ўбок, прапановы ня ставяцца на галасаваньне, звычайным нахабным чынам парушаючы законы. Але ж мы інфармуем насельніцтва праз нашыя сродкі масавай інфармацыі. І надалей будзем паказваць рэальную сытуацыю ў савеце — чаму тыя альбо іншыя пытаньні мы зможам або ня зможам вырашыць”.

(Уліцёнак: ) “Спадар Шпунтоў, пры жаданьні вас могуць абвінаваціць у лабіяваньні партыйных інтарэсаў?”

(Шпунтоў: ) “Мяжы такой няма, ды фактычна яе і не павінна быць. На мясцовым узроўні большую частку сваёй актыўнасьці дэпутату ў любым выпадку давядзецца траціць на вырашэньне не палітычных праблемаў, а сацыяльных”.

(Уліцёнак: ) “Спадар Губарэвіч, вы хіба ці не адзіны з васьмёркі дэмакратычных дэпутатаў Белаазёрску, хто мае простае дачыненьне да апазыцыйных палітычных структураў...”

(Губарэвіч: ) “Я сябар БНФ “Адраджэньне” з 1996 году. Акрамя гэтага, ёсьць жанчына, якая зьяўляецца сяброўкай Жаночай лігі сацыял-дэмакратаў Статкевіча. Астатняя большасьць — беспартыйная, і покуль у іх няма жаданьня далучацца да якой бы там ні было партыі. Гэта нашая стратэгія ад пачатку разьвіцьця грамадзкай дзейнасьці ў Белаазёрску. У нас ёсьць грамадзкія арганізацыі, ёсьць газэта…

Тое, што мы заняліся напрыканцы палітыкай, гэта вымушаны крок. Сытуацыя за гэтыя два гады паказала: немагчыма працаваць з гэтай уладай, немагчыма зь ёю дамаўляцца, калі ты не стаіш зь ёю хоць бы прыблізна не на роўных пазыцыях. Таму нам і давялося ісьці ў гарадзкі савет. А як будуць разьвівацца нашыя дачыненьні з уладай далей, пакажа час”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG