Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“FRANKFURTER ALLGEMEINE”: “ГОРШАЙ РЭПУТАЦЫІ, ЧЫМ МАЕ МЕНСК, НЕ БЫВАЕ”


Ул. інф.

Разам са зброяй былі прададзеныя 60 ліцэнзіяў на вытворчасьць вайсковай тэхнікі. Большая частка гэтых ліцэнзіяў выкарыстоўваецца і цяпер. Няма сумневу, ірацкае войска было б куды слабейшае, калі б за 12,5 гадоў існаваньня эмбарга ААН рэжым Садама не атрымліваў дадатковых вайсковых паставак. Сярод сталых удзельнікаў гэтага нелегальнага гешэфту вядомы нямецкі журналіст Маркус Вэнэр акрамя Расеі называе Беларусь ды іншыя краіны былога сацыялістычнага блёку.

Пра вайсковае супрацоўніцтва Масквы і Багдаду Вашынгтон ведаў даўно. Аднак агучыў тэму кантрабанднага гандлю толькі пасьля таго, як Крэмль стаў настойліва крытыкаваць дзеньньні антыірацкай кааліцыі.

Сярод апошніх перадваенных паставак — прылады начнога бачаньня, сучасныя супрацьтанкавыя ракеты “Карнэт” дый адмысловыя станцыі радыёперашкодаў. Зь іхнай дапамогай можна зьнізіць дакладнасьць удару асабліва дакладнай зброі. Канечне ж, Масква аспрэчвае гэтыя абвінавачаньні. Маўляў, названая зброя могла трапіць у Багдад і зь іншых рэгіёнаў.

Што да іншых магчымых пастаўцоў, то іхная колькасьць вялікая.У якасьці гандлёвых пасярэднікаў аўтарытэтныя крыніцы называюць Румынію, Польшчу, Чэхію, Славаччыну, Ярданію, Турцыю. Журналіст “Frankfurter Allgemeine” распавядае таксама пра тое, як у сярэдзіне 1990-х баўгарская фірма “Кінтэкс” пастаўляла ў Багдад верталёты МІ-24. Адказнасьць за падрыхтоўку гэтых машынаў да эксплюатацыі была ўскладзеная на расейскіх адмыслоўцаў.

Ад 1997 году з Іракам актыўна супрацоўнічалі югаслаўская і сэрбска-басьнійская дзяржаўныя фірмы. Яны пастаўлялі рэжыму Садама ракеты і тэхналёгіі супрацьракетнай абароны. Сярод нелегальных гандляроў амэрыканцы таксама называюць Сырыю, Украіну і Беларусь.

Як піша нямецкі журналіст, горшай рэпутацыі за тую, што ў вачох Захаду мае Менск, бадай што не бывае. Палітычна ізаляваная ад Захаду Беларусь тым часам займае трывалую пазыцыю ў вайсковых дачыненьнях з Іракам ды іншымі краінамі, якія падазраюцца ў тэрарызьме. Як вядома, Масква на афіцыйным узроўні заўсёды дыстанцыявалася ад тых скандалаў, у якія трапляў яе малодшы брат. Апошні скандал здарыўся сёлета ў Лібане, калі мясцовая паліцыя зафіксавала вайсковы груз зь Беларусі. Гэта былі прыстасаваньні для перамоваў і танкісцкія шлемы. Згодна з дакумэнтацыяй груз накіроўваўся ў Ірак праз Сырыю.

Сярод галоўных абвінавачаньняў, якія выстаўляе Менску Вашынгтон — падрыхтоўка ірацкіх ваенных лётчыкаў. Як вынікае з інфармацыі заходніх спэцслужбаў, на цяперашні момант у Беларусі дзейнічаюць некалькі аэрадромаў, зь якіх непрыкметна і бесьперашкодна ажыцьцяўляюцца сумнеўныя пастаўкі ў Ірак. Паводле заходняй выведкі, падобныя аэрадромы існуюць і ў Расеі.

Як рэзюмуе нямецкі журналіст, наўрад ці ўсю гэтую зброю савецка-расейскай вытворчасьці можна назваць стратэгічна вызначальнай у ірацкай вайне. Тым ня менш, і Масква, і Менск не пралічылі ўсіх варыянтаў тых палітычных стратаў, якія могуць быць у зьвязку з доўгатэрміновым нелегальным гадлем з Іракам, — піша “Frankfurter Allgemeine”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG