Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗАХОДНЯЯ I АРАБСКАЯ ПРЭСА ПРА ВАЙНУ Ў ІРАКУ

Аляксей Знаткевiч, Прага

Найбольш вычварным элемэнтам пляну, якi прапанаваў Пэнтагон, “Financial Times” называе кандыдатуру часовага мiнiстра iнфармацыi iрацкага ўраду. На гэтую пасаду быў прапанаваны былы дырэктар ЦРУ Джэймс Вулсi. Пакуль што выглядае, што адмiнiстрацыя ЗША адхiлiла гэтую кандыдатуру, пiша газэта. Аднак застаецца небясьпека, што амэрыканскiя палiтыкi ў iрацкiм урадзе ўзмацняць калянiяльны вобраз ЗША.

Аглядальнiк амэрыканскага штодзёньнiку “The Washington Post” пiша, што вайна ў Іраку можа стварыць Злучаным Штатам доўгатэрмiновыя праблемы на Блiзкiм Усходзе. Нягледзячы на спадзевы адмiнiстрацыi Джорджа Буша, што большасьць арабаў будзе вiтаць зьмену рэжыму Садама Хусэйна ў Іраку, у арабскiм i мусульманскiм сьвеце расьце абурэньне дзеяньнямi ЗША, пiша газэта. Садам Хусэйн, якога многiя арабы ненавiдзелi доўгiя гады, цяпер зрабiўся героем арабскага супрацiву. У вынiку вайны ЗША могуць быць у большай небясьпецы, чым раней, пiша “The Washington Post”.

Амэрыканская газэта “International Herald Tribune” пiша, што Турэччына пагадзiлася аказаць большую падтрымку амэрыканскiм сiлам у Іраку. Цяпер праз турэцкую тэрыторыю амэрыканскiя войскi будуць атрымоўваць харчы, палiва ды iншыя грузы. Турэччына таксама афiцыйна пагадзiлася дазволiць пашкоджаным амэрыканскiм самалётам прызямляцца на сваёй тэрыторыi. Раней такiя рэчы рабiлiся неафiцыйна, пiша “International Herald Tribune”. Такiя крокi Турэччыны могуць дапамагчы ёй атрымаць плянаваную амэрыканскую дапамогу на мiльярд даляраў, дадае газэта.

Агенцыя навiнаў Аб’яднаных Арабскiх Эмiратаў “WAM” паведамляе, што кабiнэт мiнiстраў краiны на сваiм чарговым паседжаньнi выказаўся за неадкладнае спыненьне вайны ў Іраку. Урад Эмiратаў таксама выказаў спачуваньнi ў сувязi са смерцю мiрных iрацкiх жыхароў.

Іранская агенцыя навiнаў “FARS” цытуе аналiтыка тэгеранскага ўнiвэрсытэту, якi заклiкае iранскiя мэдыi быць болей збалянсаванымi ў асьвятленьнi вайны ў Іраку. На ягоную думку, iнфармацыя аб вайне скажаецца на карысьць Іраку i супраць ЗША ды Брытанii. Прафэсар Зыбакалам лiчыць, што гэта можа зашкодзiць нацыянальным iнтарэсам Ірану.
XS
SM
MD
LG