Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЗЯРЖАВА РЫХТУЕ “КАНКАРДАТ” З ПРАВАСЛАЎНАЙ ЦАРКВОЙ


Валер Каліноўскі, Менск

Прадстаўнік Камітэту ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Беларусі Аляксандар Калінаў паведаміў, што ягонае ведамства “садзейнічала ў падрыхтоўцы дамовы паміж праваслаўнай царквой і дзяржавай” і ўжо ўнесла праект у Савет Міністраў. Цяпер пытаньне заключэньня канкардату застаецца ў кампэтэнцыі найвышэйшага кіраўніцтва краіны,– сказаў спадар Калінаў:

(Калінаў: ) “Эўрапейскі досьвед супрацоўніцтва дзяржавы з той ці іншай гістарычна традыцыйнай канфэсіяй заўсёды прыносіць станоўчы вынік. Беларусь пражыла толькі дзесяць гадоў пасьля пэрыяду атэізму, гэты пэрыяд быў і балючы таксама, і цяпер грамадзтва падыходзіць да разуменьня гэтай праблемы”.

Нейкіх падрабязнасьцяў спадар Калінаў не прывёў, але ня выключыў, што такія пагадненьні зь дзяржавай у будучыні могуць заключыць і іншыя традыцыйныя канфэсіі.

Прадстаўнік Беларускага экзархату РПЦ Андрэй Алешка зазначае, што заключэньне канкардату зь дзяржавай адпавядае нядаўна прынятаму закону аб свабодзе веравызнаньня. Гэты закон аддае перавагу менавіта праваслаўнай царкве. Сп. Алешка паведаміў, што тэкст канкардату ўжо мяняўся і магчыма будзе карэктавацца яшчэ, і што праваслаўная царква не фарсіруе ягонае падпісаньне.

(Алешка: ) “Гэты канкардат – гэта натуральны вынік разьвіцьця царкоўна-дзяржаўных адносінаў на працягу апошніх гадоў. Грамадзтвам і СМІ гэта часам успрымаецца як сэнсацыя, як цуд, бо ў нас няма такой традыцыі. Гэтае пагадненьне датычыць толькі праваслаўнай царквы і дзяржавы. Мы хочам, каб у яго былі закладзеныя палажэньні, якія маглі б аказаць спрыяльны ўплыў на розныя сфэры жыцьця грамадзтва. Гэта датычыць грамадзкай маралі, маральнасьці ў СМІ, магчыма, будзе закранутае пытаньне абортаў. Чаму б і не, бо ў многіх краінах дзяржава ўлічвае пазыцыю царквы па гэтым пытаньні. Такім чынам, гэтае пагадненьне будзе ахопліваць розныя, найбольш складаныя сфэры жыцьця грамадзтва”.

У чым прычына відавочнага імкненьня праваслаўнай царквы да юрыдычнага замацаваньня свайго дамінаваньня ў Беларусі? Паводле зьвестак супрацоўніцы Інстытуту філязофіі НАН Беларусі Натальлі Кутузавай, за апошнія 5 гадоў удзельная вага праваслаўя ў канфэсійнай структуры Беларусі скарацілася на 7%. Прывабнасьць праваслаўя падае, нягледзячы на тое, што яго падтрымлівае А. Лукашэнка. Тым часам прадстаўнікі іншых канфэсіяў нэгатыўна успрымаюць падрыхтоўку канкардату паміж БПЦ і дзяржавай. Гаворыць прадстаўнік аб’яднаньня прагрэсіўнага юдаізму юрыст Артур Ліўшыц:

(Ліўшыц: ) “У прынцыпе ў шматканфэсійнай краіне падпісаньне якога-небудзь пагадненьня з асобнай канфэсіяй паставіць у няроўныя ўмовы рэшту канфэсіяў і парушыць іх канстытуцыйнае права”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG