Судзьдзя Руслан Казадаеў пастанавіў арыштаваць Валерыя Леванеўскага на 15 сутак за ўдзел у несанкцыяваным уладамі маршы “За лепшае жыцьцё”. У суд Савецкага раёну Леванеўскага даставіў гарадзкі канвой са спэцпрыёмніка-разьмеркавальніка. Адну ноч у гэтай сумнавядомай установе ён ужо правёў згодна з пастановай гэтага ж судзьдзі Казадаева.
Нагадаем, 1 красавіка міліцыянты затрымалі Валерыя Леванеўскага разам зь непаўналетнім сынам, які разам з бацькам прыехаў у Менск з Горадні. Валеры Леванеўскі папрасіў, каб яго абараняў знаёмы гарадзенскі адвакат, і судзьдзя пастанавіў, што пакуль не зьявіцца адвакат, прадпрымальнік будзе сядзець у камеры. Лёс непаўнагадовага сына не цікавіў ні судзьдзю, ні міліцыянтаў.
Цікава, што за поўгадзіны да пачатку акцыі 25 сакавіка гэтыя ж міліцыянты затрымалі сямёх непаўнагадовых падлеткаў са Смалявічаў. Тады яны патлумачылі, што непаўнагадовым нельга быць у чужым горадзе без дарослых.
Раніцай 2 красавіка з-за кратаў выйшлі лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец, маладафронтавец Алег Мядзьведзеў, сябра АГП Юры Фабішэўскі і сацыял-дэмакрат Павал Знавец. Яны правялі 10 сутак арышту за тое, што 23 сакавіка былі на месцы збору ўдзельнікаў сьвяточнага шэсьця, якое так і не адбылося з прычыны ўмяшаньня міліцыі. Паўла Севярынца і Паўла Знаўца затрымалі прэвэнтыўна. Павал Севярынец першым выйшаў на волю.
(Севярынец: ) “Мы, пакуль сядзелі, прыдумалі новы тэрмін – “здняволеныя”, бо мы якраз тыя, каго арыштавалі за сьвяткаваньне Дня Волі. Нас было чатыры чалавекі і яшчэ тры ў суседняй камеры… Калі мы заходзілі, там яшчэ сядзелі людзі з сакавіка. Мы абмяркоўвалі розныя праблемы. Сытуацыю і ў нацыянальным руху. Відавочна, што там насьпеў сыстэмны крызіс. Патрэбна канцэпцыя, новая ідэя, нават, ідэалёгія, якая б забясьпечыла аб’яднаньне. Бяз гэтага будзе тая ж самая прыкрасьць, якая адбылася 23 і 25 сакавіка. Зрэшты, пра гэта я пісаў у кнізе, якую разьлічваю ў хуткім часе прэзэнтаваць, “Беларусь, якая нас аб’яднае”.
Павал Знавец паскардзіўся на антысанітарыю ў камэры.
(Знавец:) “Спачатку ў “клапоўнік” пасадзілі з бамжамі. Потым, калі знайшлі вошы, то я напісаў паперу, і нас перавялі ў іншую камеру. Сядзелі Сіўчык, я і адзін “дзебашыр”. Супрацоўнікі да нас добра ставіліся. Мы там чатыры разы памыліся ў душы. Прэтэнзіяў да пэрсаналу няма. Я сустракаўся з начальнікам гэтай установы, і ён мне ўсё, што я прасіў, даваў. Але не дазваляюць спатканьні, тэлефанаваць. Не выводзяць на шпацыр. Я прасіў, а мне не дазвалялі. Трэба патрабаваць ад менскага пракурора лепшых умоваў… І абавязкова камэру для тых, хто ня паліць”.
Пасьля выхаду чатырох палітзьняволеных у камерах спэцпрыёмніка застаюцца яшчэ пяць чалавек, арыштаваных за сьвяткаваньне Дня Волі. Валеры Леванеўскі папоўніў сьпіс палітвязьняў.