Міністар абароны Аўстраліі Робэрт Хіл заявіў, што наступае вырашальны момант вайны. Ірацкія ўрадоўцы абяцаюць, што Багдад будзе абараняцца да апошняга. Учора па ірацкім тэлебачаньні быў зачытаны зварот Садама Хусэйна, які заклікаў да джыгаду супраць амэрыканцаў і брытанцаў. У звароце, прынамсі, гаворыцца:
“Змагайцеся зь імі. Перамога блізкая. Мы выкарысталі толькі траціну нашага войска і нават менш, у той час як вораг вычарпаў ўсе свае сілы, якія яны прывялі, каб зьдзейсьніць агрэсію. Іх параза відавочная, і з боскай дапамогаю мы пераможам”.
Прадстаўнікі Вашынгтону і Лёндану зьвяртаюць увагу, што з пачатку вайны ірацкі прэзыдэнт ніводнага разу не зьяўляўся ў жывым эфіры ірацкай тэлевізіі. Ня выключана, што падчас бамбаваньняў Багдаду ён быў цяжка паранены ці нават забіты. Ірацкія прадстаўнікі адмаўляюць падобныя вэрсіі.
Учора міністар абароны ЗША Дональд Рамсфэльд абверг чуткі пра тое, што кааліцыя вядзе з ірацкімі прадстаўнікамі перамовы пра замірэньне:
“Няма аніякіх перамоваў зь якімі б то ні было прадстаўнікамі рэжыму Садама Хусэйна. Ня можа быць аніякага выніку вайны, які б пакідаў Хусэйна і яго рэжым ва ўладзе. Дазвольце нам ня сумнявацца ў гэтым. Час Хусэйна скончыцца, і вельмі хутка. Адзіная рэч, якую кааліцыя можа абмеркаваць з рэжымам – гэта безагаворачная капітуляцыя”.
Сёньня амэрыканскія вайскоўцы вызвалілі з палону 19-гадовую Джэсіку Лінч, захопленую іракцамі каля Насырыі.
Прадстаўнік Міжнароднага Чырвонага Крыжу, які наведаў шпіталь у Багдадзе, заявіў, што ахвяры бамбаваньняў “уяўляюць жахлівае відовішча”.
Кіраўнік камітэту кіраўнікоў штабоў узброеных сілаў ЗША Рычард Маерс выказаў шкадаваньне з нагоды інцыдэнту, які адбыўся ў панядзелак, калі амэрыканскія вайскоўцы забілі 7 жанчынаў і дзяцей. Яны ехалі ў аўтамабілі, які адмовіўся спыніцца на кантрольна прапускным пункце.
Сёньня, выступаючы ў палаце абшчынаў, прэм’ер-міністар Вялікабрытаніі Тоні Блэр закрануў праблему палітычнай будучыні Іраку пасьля Хусэйна: “Трэба як мага хутчэй зрабіць так, каб Іракам кіравалі не кааліцыя і не ААН. Іракам мусяць кіраваць іракцы. Новая ірацкая ўлада мусіць быць сфармаваная на падмурку шырокага прадстаўніцтва, мусіць паважаць правы чалавека і садзейнічаць міру і стабільнасьці ў рэгіёне”.