Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАЛАДАФРОНТАЎЦЫ ПАЛІЛІ КАЛЯ НАЦЫЯНАЛЬНАГА БАНКУ БЕЛАРУСІ РАСЕЙСКІЯ РУБЛІ

Альгерд Невяроўскі, Менск

Акцыя маладафронтаўцаў праходзіла насупраць будынку Нацыянальнага банку Беларусі. Восем чалавек з плякатамі "No RUR!" і "Мы за талер!" патрабавалі ад уладаў спыніць спробы ўвядзеньня ў Беларусі расейскага рубля. Адзін з удзельнікаў акцыі Зьміцер Дашкевіч сказаў:

(Дашкевіч: ) "Мы прыйшлі сюды з нагоды таго, што на тэрыторыі Беларусі ўводзіцца ў абарот расейскі рубель. Большасьць беларускага грамадзтва, нават тыя людзі, якія не цікавяцца палітыкай выступаюць супраць увядзеньня расейскага рубля. Гэта першы крок на шляху да страты незалежнасьці – як эканамічнай, так і палітычнай. Мы прынесьлі зварот да старшыні Нацбанку, іншых дзеячоў, якія прымалі гэтае рашэньне. Каб яны яго перагледзелі й адмянілі".

А яшчэ адзін удзельнік акцыі маладафронтавец Сяржук Мацкойць дадаў:

(Мацкойць: ) "Брыдка, калі на тэрыторыі незалежнай Беларусі нам прапануюць стаць нейкай калёніяй. І горш за тое, нейкім прыдаткам да іншай дзяржавы. Мы не зьбіраемся ні з кім ваяваць. Мы не зьбіраемся нікога ні прыніжаць, ні абражаць. А тое, што сказаў Пуцін – гэта ёсьць абраза ня толькі беларускага народу. Гэта яшчэ абраза нашай дзяржавы, нашай незалежнасьці".

Удзельнікі акцыі пачалі паліць расейскія грошы і скандаваць: "Не –расейскаму рублю!" і "Незалежнасьць!"

Пасьля маладафронтаўцы накіраваліся ў будынак Нацбанку, каб перадаць старшыні Пятру Пракаповічу зварот з просьбай "перагледзець рашэньне аб увядзеньні расейскага рубля, якое нясе вялікую небясьпеку нашай краіне". Два міліцыянты спрабавалі затрымаць некаторых удзельнікаў акцыі, але беспасьпяхова.

Чыноўнікі Нацбанку зварот маладафронтаўцаў прынялі і нават зарэгістравалі яго ў канцылярыі.
XS
SM
MD
LG