У выніковасьць аднадзённай акцыі прадпрымальнікі ня вераць, але падтрымалі страйк, можна сказаць, ад роспачы. Частка больш заможных прадпрымальнікаў трымаецца, нават нягледзячы на вялікія падаткі. Але шмат хто на мяжы згаленьня. Гаворыць адна з такіх прадпрымальніц.
(Жанчына: ) “Падаткамі задушылі. Я выйшла сюды зарабляць вось гэтыя капейкі. І нас душаць, душаць. Я павінна трыста тысячаў заплаціць дзяржаве. За што? За гэты мэтар?”
Становішча на Цэнтральным рынку вельмі складанае. Адміністрацыя лічыць, што гандлёвых месцаў не хапае. Таму трэба альбо зьмяншаць іхныя памеры, або частку людзей выдаліць з рынку. Тым часам на рынку ёсьць месцы, якія пустуюць. Іх нехта трымае за сабой на ўсякі выпадак.
Па-ранейшаму за любую дробязь штрафуюць падаткавыя інспэктары – на 500-600 тысяч. Ня ўсе могуць заплаціць. Прадпрымальніцы гавораць, што былі выпадкі, калі неплацельшчыкаў саджалі на 15 сутак.
Сёньня група гарадзенскіх прадпрымальнікаў езьдзіла ў сталіцу сустрэцца з дэпутатамі палаты прадстаўнікоў, каб тыя ўключылі ў парадак дня сэсіі пытаньне аб праблемах прыдпрымальніцтва.