Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧАМУ Ў КІТАІ НЯМА МАСАВЫХ ГРАМАДЗКІХ ПРАТЭСТАЎ СУПРАЦЬ ВАЙНЫ?


Юры Дракахруст, Прага

“New York Times” адзначае, што кітайскія ўлады ня любяць аніякіх праяваў грамадзкай актыўнасьці, нават калі яны адбываюцца ў рэчышчы афіцыйнай палітыкі. Таму, нягледзячы на тое, што Пэкін выступае супраць амэрыкана-брытанскай апэрацыі ў Іраку, да апошняга часу ўлады не давалі дазволу на антываенныя пратэсты. У мінулую суботу такая акцыя была дазволеная на ўскрайку Пэкіну. Аднак у апошні момант улады заявілі, што ў мітынгу могуць удзельнічаць ня больш чым 40 чалавек. Удзельнікі акцыі, прыкладна 100 чалавек, сабраліся каля месца правядзеньня, але яно было ачэпленае міліцыяй. Арганізатар акцыі Тонг Ксіа Оксі тлумачыў міліцыянэрам, што іх дзеяньні псуюць міжнародны прэстыж Кітаю і паказваюць, наколькі Кітай далёкі ад прынцыпу вяршэнства права. Аднак акцыя не адбылася – паведамляе “New York Times”, – і падае пікантную дэталь: сп. Тонг, яе арганізатар – дактарант амэрыканскага ўнівэрсытэту.

Газэта таксама паведамляе, што ўлады дазволілі ў гэты панядзелак невялічкую антываенную дэманстрацыю замежных грамадзянаў каля амэрыканскай амбасады ў Пэкіне. Учора ж у сталічным унівэрсытэце прыкладна 30 студэнтаў з дазволу ўладаў разгарнулі антываенныя плякаты. Шэсьць студэнтаў, якія спрабавалі правесьці антываенную маніфэстацыю ў Пэкіне, былі затрыманыя.

Інфармацыя, пададзеная “New York Times”, надзвычай важная. Зразумела, свабоды масавых акцыяў у Кітае ня існуе. Аднак падаецца, што калі б кітайскае грамадзтва было апантанае ў сувязі з вайною антыамэрыканскімі пачуцьцямі, гэта бы так ці інакш праявілася – такія краіны, як, напраклад, Бахрэйн і Судан ня менш аўтарытарныя, чым Кітай, аднак там апошнім часам насуперак намеру ўладаў адбыліся шматлюдныя акцыі пратэсту з чалавечымі ахвярамі. А ў Кітаі, як бачым, не.

Ня менш паказальная і пазыцыя кітайскіх ўладаў. Пры патрэбе яны, кантралюючы краіну, маглі б вывесьці на антываенныя маніфэстацыі мільёны людзей. Боязь любых праяваў грамадзкай актыўнасьці – гэта, зразумела, істотны матыў, але ці толькі ён тут прсутнічае? Варта адзначыць, што і ў Радзе бясьпекі ААН напярэдадні вайны Кітай займаў значна больш стрыманую пазыцыю, чым Расея і Францыя, і ніколі не пагражаў ужыць права вэта.

Справа, зразумела, ў Амэрыцы. Уявім сабе, што вайну з Іракам без ўсялякіх санкцыяў ААН пачаў бы, скажам, суседні Іран. Ці былі б тады ў сьвеце хоць якія пратэсты?

Адсутнасьць антыамэрыканскіх настрояў у Кітае выглядае тым больш дзіўным, што, калі ўжо казаць грубаю геапалітычнай моваю, калі хто нават ў аддаленай пэрспэктыве зможа стаць упоравень з Амэрыкаю, дык ня Эўразьвяз, і тым больш не Расея, а толькі Кітай з яго агромністым насельніцтвам, імклівым ростам эканомікі і ваеннага патэнцыялу. А можа, гэты парадокс і натуральны. Лідэр, зь якім ты спадзяешся зраўняцца заўтра, ня можа выклікаць нянавісьці. Ненавідзець можна толькі таго, ад каго, як ты сам адчуваеш, ты адстаў назаўжды.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG