Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЛАДЗІМЕР НАВУМАЎ: “ДУМАЮ, ШТО ДАЧЫНЕНЬНІ ПАМІЖ ГРАМАДЗЯНСКАЙ СУПОЛЬНАСЬЦЮ І МІЛІЦЫЯЙ БУДУЦЬ ПАЛЯПШАЦЦА”


Аляксей Дзiкавiцкi, Варшава

Яшчэ ў першы дзень працы канфэрэнцыі, адначасова зь якой у Варшаве адбываецца і кірмаш паліцэйскай амуніцыі, прадстаўнікі беларускай дэлегацыі асабліва цікавіліся апаратурай для здыманьня адбіткаў пальцаў ды машынамі да разьмінаваньня.

Аднак, як адзначалі ўдзельнікі канфэрэнцыі, акрамя добрай падрыхтоўкі і сучаснай амуніцыі, адной з галоўных задачаў паліцыі ёсьць пабудова супрацоўніцтва з грамадзянскай супольнасьцю, трэцім сэктарам, бо інакш, лічаць заходнія адмыслоўцы, грамадзяне ня будуць верыць людзям ва ўніформе.

А што робіцца ў гэтай справе ў Беларусі? Мяркуючы па адказе міністра ўнутраных справаў, у нашай краіне супрацоўніцтва праваахоўчых органаў з грамадзянскай супольнасьцю дагэтуль атаесамляецца з працай участковага міліцыянта з насельнікамі ягонага ўчастку.

(Навумаў: ) “На мой погляд, дачыненьні з грамадзянскай супольнасьцю будуюцца дастаткова дынамічна і мы, таксама як і нашыя польскія калегі, пэрыядычна замаўляем апытаньні грамадзкай думкі наконт нашай працы. Іх вынікі не такія дрэнныя і маюць тэндэнцыю да паляпшэньня. Але ўсяго адразу ня зробіш. Мы маем некаторыя традыцыйныя формы працы, якія не задавальняюць грамадзянаў, і таму мы ад гэтых формаў пазбаўляемся. Думаю, што дачыненьні паміж грамадзянскай супольнасьцю і міліцыяй будуць паляпшацца, і нашая прысутнасьць на гэтай канфэрэнцыі таксама сьведчыць пра тое, што мы хочам пераймаць у сваіх калегаў найноўшы досьвед у гэтай справе”.

На канфэрэнцыі і сёньня шмат гаворыцца і пра неабходнасьць паглыбленьня ўсебаковага супрацоўніцтва паміж праваахоўчымі органамі розных краінаў, у тым ліку у межах Інтэрполу. Я запытаўся ва Ўладзімера Навумава, ці выкарыстоўвае беларуская міліцыя магчымасьці Інтэрполу ў справе пошуку зьніклых палітыкаў. Працягвае Ўладзімер Навумаў:

(Навумаў: ) “Канечне, у гэтых справах мы атрымалі каля дзьвюхсот адказаў праз Інтэрпол. Ёсьць адказы, якія мы нават яшчэ ня спраўдзілі, як, прыкладам, адказ зь Нямеччыны. Вы можаце даведацца ў прадстаўнікоў Інтэрполу розных краінаў – там паўсюль ёсьць нашыя запыты”.

(Карэспандэнт: ) “А з прозьвішчамі якіх канкрэтна палітыкаў гэтыя адказы зьвязаныя?”

(Навумаў: ) “Усіх. Скажу так, што ўсе грамадзяне, якія зьніклі, якіх мы доўга шукаем і ня можам знайсьці самастойна, абавязкова трапляюць у нашыя запыты у Інтэрпол”.

На дарэчнае з нагоды такой канфэрэнцыі пытаньне, як выглядае беларуская міліцыя ў параўнаньні з праваахоўчымі органамі суседніх краінаў, Уладзімер Навумаў адказаў, што, на ягоную думку, беларуская міліцыя нічым ня горшая ад, прыкладам, польскай паліцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG