У справаздачы Дзярждэпартамэнту ЗША нагадваецца, што Беларусь з 10-мільённым насельніцтвам зьяўляецца прэзыдэнцкай рэспублікай. Абраны ў 1994 годзе кіраўніком дзяржавы Аляксандар Лукашэнка застаецца пры ўладзе дзякуючы сэрыі недэмакратычных крокаў. Ён працягнуў свой тэрмін ў выніку канстытуцыйнага рэфэрэндуму і выбараў, якія не прызнала Арганізацыя бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе.
Кіраўніку дзяржавы падпарадкаваныя ўсе галіны ўлады – выканаўчая, заканадаўчая і судовая. Для сытуацыі ў галіне правоў чалавека асабліва важна, што Лукашэнку непасрэдна падлягаюць усе праваахоўныя органы: прэзыдэнцкая ахова, КГБ і Міністэрства ўнутраных справаў. Лукашэнка ўцягнуў гэтыя органы ў дзейную барацьбу з палітычнымі апанэнтамі. За мінулы год загінуў як мінімум адзін з палітычных актывістаў. Улады не зрабілі ніякіх сур’ёзных захадаў, каб расьследаваць зьнікненьне за апошнія гады вядомых апазыцыйных дзеячоў, і праігнаравалі абвінавачаньні на свой адрас у саўдзеле ў гэтых зьнікненьнях.
Былыя сьледчыя, якія ўцяклі на Захад, а таксама праваабаронцы, прадставілі верагодную інфармацыю пра тое, што ўладныя структуры замешаныя ў зьнікненьне і, праўдападобна, забойства журналіста Зьмітра Завадзкага, а таксама апазыцыйных дзеячоў Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і бізнэсоўца Анатоля Красоўскага. Жонка Захаранкі Вольга абвінаваціла Лукашэнку ў непасрэдным удзеле ў зьнікненьні мужа. Аднак менскі суд адхіліў ейную просьбу афіцыйна прызнаць Юрыя Захаранку памерлым. Затым разам зь дзецьмі яна папрасіла палітычнага прытулку за мяжой.
Летась беларуская міліцыя і служба бясьпекі працягвалі беспадстаўныя арышты і затрыманьні, кантралявалі дзейнасьць апазыцыйных палітыкаў, праваабарончых ды іншых недзяржаўных арганізацыяў. Паводле словаў адстаўнога генэрала міліцыі Мечыслава Грыба, “міліцыя паводзіць сябе адвольна і беспакарана ўжо цягам некалькіх гадоў”, у прыватнасьці, ужывае гвалт супраць мірных дэманстрацыяў, такіх як Чарнобыльскі Шлях або дэманстрацыя ў Дзень Волі.
Дзярждэпартамэнт ЗША адзначае, што міліцыя і турэмныя ахоўнікі зьбівалі, катавалі і аказвалі псыхалягічны ціск на затрыманых і вязьняў. Шматлікія выпадкі зьдзеку і бесчалавечнага абыходжаньня з затрыманымі ўдзельнікамі дэманстрацыяў, а таксама палітычнымі ананэнтамі пацьвердзіў у 2000 годзе ААНаўскі Камітэт супраць катаваньня. У прыватнасьці, 20 лютага, Зьміцер Дашкевіч падаў афіцыйную скаргу на афіцэраў міліцыі, якія пасьля дэманстрацыі 14 лютага па дарозе ў пастарунак жорстка зьбілі яго, хаця ён не аказваў ніякага супраціву. У пастарунку яго прывязалі наручнікамі да радыятара і далей білі, гэтак жа як і іншага затрыманага Станіслава Івашкевіча. 9 чэрвеня летась муж Валянціны Палевіковай з Аб’яднанай сацыял-дэмакратычнвай партыі быў зьбіты, калі вечарам вяртаўся дамоў. Міліцыя зьбівала і катавала сына былога прэм’ера Аляксандра Чыгіра, асуджанага на 7 гадоў турэмнага зьняволеньня нібыта за крадзеж аўтазапчастак. Пасьля сьведкі, якія далі паказаньні супраць малодшага Чыгіра, прызналіся, што міліцыя прымусіла іх сьведчыць супраць падсуднага зьбіцьцём і катаваньнямі. У сакавіку адвакат Чыгіра быў зьбіты, і ў выніку ён ня мог абараняць свайго кліента ў судзе.
Псыхалягічны ціск скончыўся трагічна для маладога апазыцыйнага актывіста з Гомеля Андрэя Зайцава. У сьнежні 2001 году Зайцаў, якога, паводле ягоных слоў, спрабаваў завэрбаваць КГБ, скончыў жыцьцё самагубствам.
Рэжым Аляксандра Лукашэнкі працягваў наступ на свабоду слова і друку, а таксама сходаў. Гэтыя свабоды былі абмежаваныя ў выніку увядзеньня некалькіх новых дэкрэтаў. Некалькі газэтаў, у тым ліку гарадзенская “ Пагоня”, былі закрытыя, а журналісты Мікола Маркевіч, Павал Мажэйка і Віктар Івашкевіч былі прысуджаныя да абмежаваньня волі паводле абвінавачаньня ў паклёпе на прэзыдэнта.
У справаздачы Дзярждэпартамэнту ЗША падкрэсьліваюцца таксама парушэньні ў галіне свабоды рэлігіі. Летась Палата прадстаўнікоў прыняла спрэчны “Закон аб свабодзе веравызнаньня”. Новы закон ставіць у прывілеяванае становішча Рускую Праваслаўную царкву, затое моцна абмяжоўвае дзейнасьць іншых, так званых “нетрадыцыйных”, у прыватнасьці, пратэстанцкіх канфэсіяў.
Паводле справаздачы, у Беларусі парушаюцца таксама іншыя правы грамадзянаў. Надалей застаецца праблемай дыскрымінацыя і гандаль жанчынамі. Абмяжоўваюцца таксама правы рабочых, якія ня могуць свабодна гуртавацца і адстойваць свае працоўныя правы шляхам незалежнай прафсаюзнай дзейнасьці.