Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АМЭРЫКАНСКІЯ ВАЙСКОЎЦЫ АПАСАЮЦЦА “АДЧАЙНЫХ КРОКАЎ” З БОКУ САДАМА ХУСЭЙНА

Рон Сынавіц, Кэрбэла

Амэрыканскія войскі працягваюць рухацца на поўнач у кірунку Багаду ў той час, як прадстаўнікі узброеных сілаў ЗША заяўляюць пра сваю занепакоенасьць тым, што Садам Хусэйн можа даць загад выкарыстаць для нападу хімічную альбо біялягічную зброю ў якасьці адчайнага кроку.

Многія амэрыканскія жаўнеры апасаюцца перайсьці так званую “чырвоную лінію” Садама. Так называеццца ўмоўная лінія вакол Багдаду. Мяркуюць, што калі яе перайсьці, дык Садаму Хусэйну адчуе, што ягоны рэжым немінуча прайграе, і яму нічога не застанецца, як атакаваць хімічнай альбо біялягічнай зброяй.

Палкоўнік Эрык Уэсьлі сказаў сёньня, што распрацоўшчыкі ваеннай апэрацыі лічаць: Хусэйн пакуль устрымваецца ад выкарыстаньня такой зброі, бо пасьля гэтага рэжым у Багдадзе можа страціць усялякія сымпатыі з боку міжнароднай супольнасьці. Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш абвінаваціў Садама Хусэйна у тым, што ён выкарыстоўвае праграмы у галіне хімічнай і біялягічнай зброі як пагрозу для ЗША і міжнароднай бясьпекі. Аднак Багдад пасьлядоўна адмаўляе існаваньне ў краіне такой зброі.

Фатаграфіі хімічных прадпрыемстваў і сховішчаў, у якіх, як падазраецца, можа быць схаваная зброя масавага зьнішчэньня, зараз наносяцца на гіганцкія вайсковыя мапы, якія выкарыстоўвацца пры плянаваньні баявых дзеяньняў.

Амэрыканскія войскі, што набліжаюцца да Багдаду, выявілі некалькі памяшканьняў, у якіх былі знойдзеныя адгазьнікі і супрацьхімічная вопратка. Маёр амэрыканскай выведкі Джофры Ўотсан апасаецца, што заняцьцё амэрыканцамі гораду Кэрбэла ў 80 кілямэтрах ад Багдаду можа стаць той самай апошняй кропкай для Садама Хусэйна.

Цягам апошніх пяці дзён пры бамбаваньні пазыцыяў нацыянальнай гвардыі пад Кэрбэлой выкарыстоўваліся цяжкія бамбавальнікі Б-52, гелікоптэры Апач, штурмавыя самалёты А-10, а таксама мінамёты і ракетная артылерыя. Паведамляецца, што ў выніку ў раёне Кэрбэлы сілы іракцаў скараціліся ўдвая. Захоп Кэрбэлы дазволіў бы войскам кааліцыі пачаць непасрэдны абстрэл пазыцыяў рэспубліканскай гвардыі на подступах да Багдаду, а а таксама адкрыў бы рух па дарогах для танкаў і цяжкой артылерыі. З гэтых прычынаў авіяўдары ЗША былі скіраваныя на тое, каб зьнішчыць максымальную колькасьць ірацкіх гарматаў, зь якіх могуць быць выпушчаныя снарады з хімічным начыньнем. Кіраўнік інспэкцыі ААН Ганс Блікс і дзяржаўны сакратар ЗША Паўэл папярэджвалі аб магчымасьці выкарыстаньня іракцамі невялічкіх радыёкіраваных самалётаў, якія могуць распыльваць хімічныя рэагенты з паветра. Падразьдзяленьні супрацьпаветранай абароны рыхтуюцца зьбіваць іх з дапамогай ракетаў Стынгер, усталяваных на бэтээрах. Назіраньне за паветрам вядзецца з дапамогай радараў. Выяву зэнітчык бачыць на адмысловым экране.

Калі ён убачыць невядомы самалёт, які выяўляе варожыя намеры, ягоная задача – неадкладна зьвязацца са старшым камандзірам, каб атрымаць пацьверджаньне – ці павінен ён альбо хтосьці яшчэ ў гэтым квадраце зьбіць аб’ект Стынгерам.
XS
SM
MD
LG