Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У АМБАСАДЗЕ ЗША АДБЫЛАСЯ ПРЭЗЭНТАЦЫЯ СПРАВАЗДАЧЫ АБ ПРАВАХ ЧАЛАВЕКА Ў БЕЛАРУСІ


Валер Каліноўскі, Менск

Чарговую справаздачу Дзярждэпартамэнту прадстаўляў амбасадар ЗША ў Беларусі Майкл Козак. Ён паведаміў, што факты для яе зьбіралі, правяралі й аналізавалі супрацоўнікі амбасады, якія пры гэтым карысталіся і зьвесткамі беларускіх праваабарончых арганізацыяў, ураду, паведамленьнямі прэсы. Але найперш амэрыканскія дыпляматы імкнуліся непасрэдна назіраць за тым, што адбывалася, зазначыў амбасадар Козак.

(Козак: ) “Вось чаму нашыя супрацоўнікі прысутнічаюць на месцы падчас дэманстрацыяў, судовых працэсаў і іншых падзеяў. І нягледзячы на пэўныя паведамленьні асобных людзей, мы будзем працягваць прысутнічаць на дэманстрацыях і судах, ніколі ня спынім гэтага”.

Паводле Майкла Козака, праект справаздачы тройчы ўдакладняўся і ўзгадняўся Дзярждэпартамэнтам і амбасадай. Пра зьмест самой справаздачы аб правах чалавека ў Беларусі спадар Козак заявіў:

(Козак: ) “Любое паляпшэньне ці пагаршэньне сытуацыі з выкананьнем правоў чалавека будзе зыходзіць ад таго, што ўрад рабіў або не рабіў у гэтай сфэры, а не ад таго, што мы гаварылі на гэтую тэму. Такім чынам, факты гавораць самі за сябе”.

Галоўная выснова, якую падае справаздача, — летась у Беларусі працягваўся перасьлед дэмакратычных інстытутаў: “Сытуацыя з забесьпячэньнем рэжымам правоў чалавека заставалася вельмі дрэннай і пагоршылася ў некаторых сфэрах. Улады працягвалі адмаўляць сваім грамадзянам у праве зьмяніць уласны ўрад. Паступіла інфармацыя аб загадкавай сьмерці прынамсі аднаго палітычнага актывіста, улады не імкнуліся дасьледаваць зьнікненьні апазыцыйных палітыкаў. Перавышэньне паўнамоцтваў, а часам і катаваньне вязьняў і затрыманых міліцыяй працягвалася. Сілы бясьпекі бескантрольна праводзілі арышты і затрыманьні грамадзянаў, значна узрасла колькасць затрыманых па відавочна палітычных матывах. Службы бясьпекі зьдзяйсьнялі сталы кантроль за дзейнасьцю апазыцыйных палітыкаў, праваабарончых арганізацыяў і іншых слаёў насельніцтва. Рэжым працягваў абмяжоўваць свабоду слова і прэсы, а таксама не забясьпечваў павагу да свабоды сходаў і аб’яднаньняў”.

Гэтыя высновы справаздачы Дзярждэпартамэнту пацьвярджае прадстаўнік Беларускага Гэльсынскага камітэту праваабаронца Гары Паганяйла:

(Паганяйла: ) “Беларускі Гэльсынскі камітэт ацэньвае стан правоў чалавека ў Беларусі з характэрнай тэндэнцыяй да пагаршэньня, перш за ўсё паглыбляюцца самі формы парушэньняў правоў чалавека, яны становяцца практычна паўсюднымі, і зыходзяць ужо ня толькі ад найвышэйшых чыноўнікаў, але і ад чыноўнікаў сярэдняга і ніжэйшага зьвяна”.

Занепакоенасьць Дзярждэпартамэнту ЗША выклікаў новы закон аб рэлігійных аб’яднаньнях у Беларусі, які “жорстка абмяжоўвае свабоду веравызнаньня і аддае перавагу Расейскай праваслаўнай царкве”.

Прадстаўнік габрэйскай праваабарончай арганізацыі “Зьвяз Радаў” Якаў Басін падзяляе гэтую заклапочанасьць:

(Басін: ) “Гэта значна пагаршае ўсю сытуацыю ў краіне, дзяржава ўжо абвесьціла праграму стварэньня дзяржаўнай ідэалёгіі. Мяркую, што такой дзяржаўнай ідэалёгіяй можа стаць праваслаўная рэлігія. Гэта значыць, што тое, што Канстытуцыя аб’яўляе роўнасьць усіх рэлігіяў, яшчэ ня значыць, што будзе роўнасьць усіх канфэсіяў. І гэта мы ўжо бачым на справе”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG