Як паведаміла прэзыдэнцкая прэсавая служба, Аляксандар Лукашэнка лічыць мэтазгодным правесьці яшчэ адну сустрэчу з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімерам Пуціным — да чарговага паседжаньня Найвышэйшай дзяржаўнай рады саюзнай дзяржавы, якое плянуецца на канец красавіка ці пачатак траўня. На ягоную думку, трэба яшчэ раз удакладніць пазыцыі наконт зацьверджанага праекту.
Падчас маскоўскага паседжаньня камісіі распрацоўшчыкаў праекту сустаршыня гэтай камісіі з расейскага боку — сьпікер Дзяржаўнае думы Генадзь Селязьнёў — распавёў, што засталося толькі адно няўзгодненае пытаньне. Афіцыйны Менск, нягледзячы на супраціў расейскіх экспэртаў, прапанаваў захаваць у канстытуцыйным акце артыкул 50 пра сталы камітэт саюзнай дзяржавы, які, паводле Селязьнёва, “можа выконваць функцыі апарату Савету міністраў саюзнай дзяржавы”.
Расейскі сьпікер дадаў, што ў сяброў Найвышэйшай дзяржаўнай рады (то бок прэзыдэнтаў, прэм’ераў і сьпікераў) могуць выклікаць сумнеў артыкулы праекту наконт прадметаў выключнай і супольнай кампэтэнцыі саюзнай дзяржавы ды яе двух суб’ектаў — Расеі й Беларусі. Але спадар Селязьнёў назваў гэтыя пытаньні “непрынцыповымі”, таму што “урэшце ўсё будзе вызначацца нацыянальнымі заканадаўствамі”. Старшыня расейскай Думы заявіў таксама, што з праекту канстытуцыйнага акту выдаленыя канфліктныя моманты, таму ён цалкам выключае вайну нацыянальных законаў, пра мажлівасьць якой некалькі разоў заяўляў кіраўнік Цэнтарвыбаркаму Расеі Аляксандар Вешнякоў.
Адметна, што Аляксандар Лукашэнка, прымаючы напярэдадні старшыню Канстытуцыйнага суду Рыгора Васілевіча, заявіў пра “зацьверджаньне на практыцы вяршэнства Канстытуцыі”.
Шмат якія беларускія юрысты задаюцца пытаньнем: навошта тады ўвогуле прымаць канстытуцыйны акт саюзнае дзяржавы, калі артыкул 18 беларускай Канстытуцыі вызначае: “Рэспубліка Беларусь ставіць за мэту зрабіць сваю тэрыторыю бязьядзернай зонай, а дзяржаву — нэўтральнай”. Як тады нэўтральная Беларусь можа ствараць саюзную дзяржаву з кім-небудзь іншым, а тым больш зь ядзернай Расеяй? Былы судзьдзя Канстытуцыйнага суду Беларусі Міхаіл Пастухоў нагадвае менавіта пра гэты артыкул нацыянальнае Канстытуцыі:
(Пастухоў: ) “У рамках саюзнай дзяржавы гэтае палажэньне парушаецца, таму што тут будзе разьмяшчацца абмежаваная групоўка войскаў, тым больш расейскіх. І Беларусь страчвае свой статус бязьядзернай, нэўтральнай краіны”.
Спадар Пастухоў зазначае таксама, што паводле артыкулу 136 беларускай Канстытуцыі Нацыянальны банк “валодае выключным правам эмісіі грошай”. Праўда, наконт адзінага эмісійнага цэнтру Масква й Менск дагэтуль дамовіцца не змаглі.
Затое, як паведаміў сьпікер расейскай Думы Генадзь Селязьнёў, прыняцьце бюджэту саюзнае дзяржавы ў форме закону прызналі юрыдычна немажлівым — гэты саюзны бюджэт будзе зацьвярджацца актам Найвышэйшай дзяржаўнай рады.