Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У НОВААБРАНЫХ СЕЛЬСКІХ І ПАСЯЛКОВЫХ САВЕТАХ ПРАХОДЗЯЦЬ ВЫБАРЫ КІРАЎНІКОЎ


Міхал Стэльмак, Менскі раён

Абіралі старшыню выканкаму Мачулішчанскага пасялковага савету дзевяць дэпутатаў. Старшыня Менскага райвыканкаму Леанід Русак паведаміў ім, што раённая вэртыкаль катэгарычна супраць кандыдатуры ранейшага старшыні Віталя Тутава. Вось як ён патлумачыў гэта нашаму радыё:

(Русак: ) “Зьмена старшыні Мачулішчанскага пасялковага савету прадыктаваная наступнымі прычынамі. Цягам апошніх двух гадоў пры ўсёй павазе да яго досьведу выканаўчая ўлада мела вельмі шмат прэтэнзіяў. Гэта спэцыфічны рэгіён. Тут, у Мачулішчах, пражывае сем з паловаю тысяч жыхароў. Мясцовая ўлада, на жаль, ня вырашыла шмат пытаньняў пры перадачы ўласнасьці Міністэрства абароны ў камунальную ўласнасьць. Міністэрства фінансаў мусіла выдзеліць 4 мільёны 156 тысяч даляраў на ўладкаваньне Мачулішчаў.

Аднак зь віны мясцовага кіраўніцтва гэтага не адбылося. Таму ўзьнікла ў пасёлку шмат праблемаў сацыяльна-эканамічнага зьместу. На жаль, мясцовая ўлада ў асобе старшыні ня здолела навесьці самы элемэнтарны парадак”.

Аднак спадар Тутаў не пагадзіўся з такімі абвінавачаньнямі.

(Тутаў: ) “Гэта залежала не ад мяне і нават не ад нашых дэпутатаў. Тутаў ні ў чым не вінаваты. Вы мяне ніяк ня можаце ачарніць у хабарніцтве, п’янстве”, — запярэчыў Віталь Тутаў.

Насуперак жаданьню кіраўніка раённай “вэртыкалі” ён вылучыў сваю кандыдатуру на пасаду кіраўніка выканкаму пасялковага савету на новы тэрмін. Апроч яго, на гэтую пасаду было вылучана яшчэ тры кандыдатуры. У тым ліку прапанавала сябе на старшынёўскую пасаду і дэпутатка Сьвятлана Андруховіч — мясцовая актывістка Партыі БНФ.

(Андруховіч: ) “Я вылучыла сваю кандыдатуру на пасаду старшыні выканаўчага камітэту, таму што я лічу, што я магла бы выконваць гэтую працу пры падтрымцы дэпутатаў. Але расклад быў такі, што мяне не падтрымалі, і я аддала свой голас за таго чалавека, каго магу бачыць на гэтай пасадзе”, — зазначыла дэпутатка Андруховіч, актывістка Партыі БНФ.

У выніку двух тураў галасаваньня старшынём Мачулішчанскага пасялковага выканкаму быў абраны вайсковец — палкоўнік Аляксандар Казлоў.

(Казлоў: ) “Выбралі, відаць, таму, што пасёлак Мачулішчы быў створаны калісьці як вайсковы гарадок. Тут дзьве траціны дзейных ці былых вайскоўцаў. Тут было шмат авіяцыйных частак. На жаль, цяпер ніякай інфраструктуры апроч вайсковых частак тут няма”, — зазначыў палкоўнік Казлоў. Ён паабяцаў дэпутам навесьці парадак у выканкаме Мачулішчанскага пасялковага савету.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG