Вядучая газэта Катару – адной з найбольш празаходнiх краiнаў Пэрсыдзкай затокi – называе дзеяньнi саюзных войскаў у Іраку ваеннымi злачынствамi. Газэта “Агбар аль-Халiдж”, якая выдаецца ў Бахрэйне, дзе базуецца 5-ы флот ЗША, называе цяперашнi канфлiкт “бруднай вайной”, якую вядуць прэзыдэнт ЗША Джордж Буш i прэм’ер-мiнiстар Брытанii Тонi Блэр.
Адзiная арабская краiна, дзе прэса па-ранейшаму падтрымлiвае каалiцыйныя сiлы – гэта Кувэйт. Адзiн з камэнтатараў дзяржаўнага кувэйцкага тэлебачаньня зьвiнавацiў iншыя арабскiя краiны ў тым, што яны iгнаруюць ракетныя удары, якiя Ірак дагэтуль наносiць па кувэйцкай тэрыторыi. Кувэйцкая агенцыя навiнаў “Куна” апублiкавала iнтэрвiю з дэканам факультэту шарыяту i iсламскiх дасьледаваньняў Мухамадам аль-Табтабаем. Той заявiў, што змаганьне за партыю Баас, якая кiруе ў Іраку – гэта грэх, бо гэтая партыя намагаецца замянiць iслам на неiсламскую iдэалёгiю.
Арабская газэта “Аль-Шарк аль-Асват”, якая выдаецца ў Лёндане, крытыкуе паводзiны амэрыканскiх дыпляматаў. На думку аглядальнiка газэты, пасьля тэрарыстычных актаў 11 верасьня 2001 году ЗША сталi праводзiць палiтыку наўпроставага ўмяшальнiцтва ў справы iншых дзяржаваў, заклiкаючы iх да цэнзуры газэтных артыкулаў i тэлеперадачаў. Прыводзiцца прыклад Эгiпту, дзе амэрыканскi амбасадар Дэвiд Ўэлш заклiкаў галоўных рэдактараў эгiпецкiх газэтаў не прапускаць у друк артыкулы, дзе выказвалiся сумневы ў датычнасьцi аль-Кайды да тэрактаў у Нью-Ёрку. Паводле “Аль-Шарк аль-Асват”, ЗША праводзяць палiтыку сiлы, але толькi ў адносiнах да тых дзяржаваў, якiя дэманструюць сваю слабасьць. Як адваротны выпадак, прыводзiцца прыклад Паўночнай Карэi зь яе ядзернай праграмай.